Польскія консулы пакідаюць Беларусь. Што гэта значыць на мове дыпламатыі?


Варшаву пакіне консул Беларусі Уладзімір Чушын, а з Беластоку выедзе на радзіму генеральны консул Беларусі ў Беластоку Ала Фёдарава. Вонкавапалітычнае ведамства нашай Заходняй суседкі адрэагавала на высылку траіх дыпламатаў з Беларусі. Што гэта значыць на мове дыпламатыі і да якіх наступстваў можа прывесці?

Пакінуць краіну цягам 48 гадзінаў… На гэтым тыдні прадстаўніцтва Польшчы з жалем прыняла дзве такія ноты ад МЗС Беларусі – адносна траіх польскіх дыпламатаў. Адзін з іх – Генеральны Консул Польшчы Ярослаў Ксёнжэк:

«Для мяне асабіста як для чалавека, гэта вельмі клопатна. Я працаваў у Горадні амаль 5 гадоў. У розных акалічнасцях рабіў усё магчымае дзеля таго каб польскія справы, але і польска-беларускія, ішлі наперад».

12 сакавіка Міністэрства замежных справаў Польшчы прыняла сіметрычную меру праз заяву Марціна Пшыдача – намесніка міністра замежных справаў Польшчы:

«У сувязі з працягам непрыязных жэстаў Менску ў адносінах да польскіх дыпламатаў, у межах прынцыпу ўзаемнасці, МЗС Польшчы прыняў рашэнне аб высылцы генеральнага консула Беларусі ў Беластоку і консула Беларусі з пасады ў Варшаве».

Пасля адказу Польшчы тое, што адбываецца, не назавеш інакш, як адкрыты дыпламатычны канфлікт, які стратэгічна не выгадны Беларусі – кажа аналітык цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя» Андрэй Ягораў.

«Такія краіны, як Польшча і агулам краіны Еўразвязу, якія салідарызуюцца з краінамі-партнёрамі Беларусі – вельмі важна для вонкавай палітыкі. Пагаршэнне адносінаў з партнёрамі нясе траўматычныя наступствы не толькі для вонкавай палітыкі але і для эканомікі, культурных стасункаў і ў галіне адукацыі».

Тым не менш, 11 сакавіка беларускія ўлады папрасілі з краіны кіраўніка і консула Генеральнага консульства Польшчы ў Горадні. Бо яны абаранялі свайго калегу – кіраўніка Генконсульства ў Берасці – Ежы Цімафеюка, якога з Беларусі вытурылі двума днямі раней – за тое, што браў удзел у святкаванні Дня памяці польскіх партызанскіх фармаванняў – змагароў з НКВД за незалежную ад Расеі Польшчу. У Берасці распачалі крымінальную справу аб гераізацыі ваенных злачынцаў і затрымалі аднаго з сузаснавальнікаў «Польскай школы», дзе адбылася імпрэза.

Да чаго можа давесці гэты канфлікт?

«Некаторыя будуць вырашацца больш доўга. Іншыя пачнуць падвісаць – гэтак тэхнічна заўжды адбіваецца. У глабальным жа сэнсе, улічваючы агульны крызіс у стасунках, не ў кароткатэрміновай, але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта адаб’ецца на інвестыцыях, узаемных эканамічных дачыненнях», – кажа Андрэй Ягораў.

Курсу на пагаршэнне стасункаў з Польшчаю можна было чакаць… Старшыня КДБ Іван Церцель напярэдадні заявіў: «Замежныя падрыўныя цэнтры і зацікаўленыя спецслужбы, якія за імі стаяць, а таксама палітычныя кругі, прадпрымаюць спробы па ўзнаўленні пратэставай актыўнасці па дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне».

Прагучала гэта двойчы па выніках сустрэчы сілавікоў з Лукашэнкам. Палітык Анатоль Лябедзька лічыць: «Яны абмяркоўвалі ў першую чаргу фільм «Залатое дно», які выйшаў, як на яго рэагаваць і які план дзеянняў. Але ж яны не будуць пра гэта публічна казаць, што яны абмяркоўваюць Сцяпана Пуцілу».

Аўтар фільму пра схаваныя ад народу мільярды Лукашэнкі – палітычны ўцякач, якога Польшча адмовілася выдаць Беларусі.

Тое ж датычыць асобы Паўла Латушкі – заснавальніка Народнага антыкрызіснага кіравання, сябраў ініцыятывы ByPol і іншых уцекачоў.

Варшава адною з першых не прызнала легітымнасці Лукашэнкі пасля выбараў і прыняла з візітам Святлану Ціханоўскаю, як прымаюць прэзідэнта. Падтрымала патрабаванне санкцыяў у дачыненні рэпрэсіўнай улады.Але абвесціла пра дапамогу грамадзянскай супольнасці.

А вось, што кажуць жыхары Берасця:

«Я лічу, што Беларусь мае развіваць адносіны з Польшаю, бо мае з ёю цесныя гістарычныя стасункі».

«Шмат людзей ездзяць працаваць у Польшчу. А па-другое, Беларусь Еўрапейская краіна».

«Мне здаецца не толькі мы, але і палякі разрываюць з намі стасункі. Трэба проста сябе паводзіць трошку інакш, і магчыма тады ўсё наладзіцца».

Гісторыя ранейшых дыпламатычных канфліктаў паказала, што ад сваіх каштоўнасцяў – як дэмакратыя і правы чалавека краіны Захаду не адмаўляюцца.

Юлія Цяльпук, «Белсат»