Разам з мясцовымі выбарамі правядуць рэферэндум: вынікі ўсебеларускага народнага сходу


У другі дзень усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка засяродзіўся на бізнесе. Вялося, аднак, не пра палёгкі для бізнесоўцаў.

«Прыватныя медычныя клінікі. Амаль паўсюль: «Ты – ябацька! Вон адсюль, я цябе лячыць не буду». Якая павінна быць мая рэакцыя на гэта? Мы вас будзем выразаць кованым жалезам за падобныя рэчы!», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Згадаў Лукашэнка таксама і сетку крамаў, якую даў даручэнне праверыць. Маўляў, не падтрымлівае айчыннага вытворцу. Імаверна гаворка пайшла пра ўласнікаў супермаркеты «Грын». Уласніка – Генадзя Кірэйку – затрымалі тыдзень таму ў Менску. За багацце Лукашэнка раскрытыкаваў і свайго канкурэнта – былога банкіра Віктара Бабарыку.

«Бабарыка – гэта прадпрымальнік, гэта бізнесовец, і яму здаецца, што, калі бізнес, які мае свае грошы, пойдзе ў палітыку, то безумоўна пагроза ягонай палітычнай манаполіі будзе відавочна», – адзначыў Яраслаў Раманчук з даследчага цэнтру МІЗЭСА.

«Бізнесмены, як і моладзь, дэманструюць сваю адносную незалежнасць, і ўжо ў выніку гэтага яны з’яўляюцца глабальна, палітычна, ворагамі беларускай мадэлі», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Пагрозы прагучалі і на адрас палітычных апанентаў. Лукашэнка адзначыў, што парламент прыме законы, што ўзмоцняць адказнасць за несанкцыянаваныя акцыі. Да таго ж мірную абстаноўку і бяспеку для сябе ды свайго атачэння – яшчэ напярэдадні назваў умовамі перадачы ўлады. Адна з мэтаў сходу – нагнаць страх, мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

«Калі мы ўзгадаем, то на працягу ўсіх знакавых падзеяў у найноўшай беларускай гісторыі, яны былі справакаваныя электаральнымі кампаніямі, то заўжды раптам зʼяўляліся нейкія тэрарысты і гэтак далей», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Паралелі паміж пратэстоўцамі і памагатымі фашызму правёў кіраўнік КДБ Іван Церцель. З улікам нібыта вонкавай пагрозы для Беларусі варта прыняць новы праект Канстытуцыі, адзначыў старшыня МЗС Уладзімір Макей. Папраўкі распрацуюць да канца году. Налета ж, разам з мясцовымі выбарамі правядуць рэферэндум. Аднак найперш зладзяць перарэгістрацыю палітычных партыяў. Што думаюць пра такую рэзалюцыю грамадзяне?

«Людзі выступаюць, што сэнсу? Калі б ён штосьці вырашаў у гэтым жыцці, а так, толькі размовы».

«Сядзяць напружаныя ўсё. Хочуць, каб лепей, а як будзе? Хэ».

«Там скажуць усё добрае, а пра недахопы ўмаўчаць».

«Мой бацька любімы!»

А ці развяжа выкананне рэзалюцыі палітычны крызіс у краіне?

«Усе прамовы Лукашэнкі пабудаваны на адным: нікому нічога не дам, Вы павінны мне ўсё аддаць, чым валодаеце, усе мусяць быць бедныя, нават пасля ягонага сыходу, фактычна ўсё, што ён ім прапаноўвае, людзям, якія яго падтрымліваюць, гэта тое, што ён іх пакіне ў жывых», – палітычны аглядальнік Валерыя Касцюгова.

Усебеларускі народны сход два дні пільнавалі сілавікі і калоны аўтазакаў у цэнтры гораду. Грамадзяне ж выказвалі нязгоду – гудкамі аўтамабіляў і плакатамі ў сацсетках.

Юлія Лабанава, «Белсат»