Стэфановіч: «Працэсы адбываюцца ў найлепшых традыцыях савецкіх судоў над дысідэнтамі»


2320 рублёў штрафу – такое пакаранне прызначыла суддзя Таццяна Шоцік журналістцы парталу «Тут.бай» Надзеі Калінінай. Гэта было ўжо другое паседжанне ў справе ў судзе Ленінскага раёну Менску.

«Гэта вельмі дзіўная сітуацыя, калі цябе выкрадаюць у горадзе ў час працы, абвінавачваюць у тым, чаго ты не рабіла, а суддзя адхіляе ўсе хадайніцтвы, якія могуць даказаць тваю невінаватасць. І табе даводзіцца радавацца, што па двух пратаколах ты атрымліваеш велізарны штраф, а не 25 ці 30 содняў», – кажа Надзея Калініна.

Абвінавацілі Надзею Калініну ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаванні міліцыянтам за нібыта пікет на прыпынку. Затрымалі журналістку 29-га студзеня, калі яна спрабавала трапіць на з’езд менскіх дэлегатаў Усебеларускага сходу. Трое содняў журналістка правяла ў ізалятары часовага ўтрымання.

«Журналісты паказваюць, што насамрэч адбываецца ў краіне – паказваюць бязмежжа і гвалт, што адбываюцца ў краіне. Зразумела, што ўладам гэта не падабаецца», – лічыць галоўная рэдактарка «tut.by» Марына Золатава.

Агулам, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», сёння ў судах разгледзелі больш як тры дзясяткі адміністратыўных справаў. Пятнаццаццю соднямі арышту пакаралі страйкоўца з «Беларуськалію» Юрыя Корзуна, затрыманага ўчора. Шахцёр абвесціў галадоўку з моманту затрымання. Судовы канвеер працягваецца і ў крымінальных справах. Праваабаронцы Марфе Рабковай, якая ўжо пяць месяцаў застаецца пад вартай па абвінавачанні ў фінансаванні ды рыхтаванні масавых беспарадкаў, выставілі новыя, больш жорсткія абвінавачанні. Цяпер за нібыта распальванне варожасці да сацыяльнай групы і за ўдзел у злачыннай арганізацыі ёй пагражае да 12-ці гадоў зняволення.

«Трэба адзначыць, што гэтыя абвінавачанні былі прад’яўленыя пасля дэманстрацыі пару дзён таму па нацыянальным тэлебачанні фільму пад назвай «Траціл пратэсту», здаецца, дзе была спроба параўнання ці прывязвання і Марфы Рабковай, і праваабарончага цэнтру «Вясна» ў цэлым да нейкай нібыта тэрарыстычнай дзейнасці», – адзначае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Рада Праваабарончага цэнтру «Вясна» прыняла адмысловую заяву. Праваабаронцы адзначаюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне ўскладняецца і пагаршаецца. Значна павялічылася колькасць крымінальных справаў за ўдзел у пратэстах.

«Па 15 працэсаў, а то і болей паралельна адбываецца па ўсёй краіне. Мы бачым, што шмат якія працэсы адбываюцца закрыта, у найлепшых традыцыях савецкіх судоў над дысідэнтамі. Сітуацыя пагаршаецца, колькасць палітзняволеных расце, і мяркую, што яна можа складаць больш за 300, 400, а то і 500 чалавек», – лічыць Валянцін Стэфановіч.

На сённяшні дзень праваабаронцам вядомыя імёны 770 фігурантаў крымінальных справаў, распачатых у перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»