Усебеларускі рэверанс. На сходзе казалі пра стратэгічнае ўзаемадзеянне з Расеяй


Усебеларускі народны сход адназначна і выразна вызначыў стратэгічнае ўзаемадзеянне з Расеяй. Пра гэта сведчылі прамовы шэрагу выступоўцаў. Гэта ж адзначыў і амбасадар Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.

Чаму столькі ўвагі надалі Расеі і менавіта цяпер? Ад сувязі Беларусі ды Расеі залежыць мірная і стабільная будучыня рэгіёну. Падчас выступу на Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка ізноў кажа пра важнасць шчыльнай беларуска-расейскай інтэграцыі:

«Прыйдзе час і нам з прэзідэнтам Расеі прыйдзецца стаяць спінай да спіны і адстрэльвацца. Што не так? Так! А што яшчэ будзе! І пакуль мы стаім побач, альбо спіна да спіны, ніхто нас на калені не паставіць, не нахіліць!»

Імкненне Беларусі да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі, а Расея мае быць у прыярытэтах – гэта словы дэлегата сходу Уладзіміра Макея. Іншы дэлегат прапанаваў назваць адну з плошчаў ці праспект у Менску ў гонар Расеі. Яшчэ адзін – залучыць у Канстытуцыю палажэнне аб калектыўнай бяспецы.

«Калі канстытуцыйна замацоўваецца сяброўства Беларусі ў сістэме калектыўнай бяспекі, чаго не было, ніколі не было, то гэта азначае, што, фактычна, грамадзяне Беларусі павінны выконваць тое, што будзе прынята ў Міністэрстве абароны Расеі, будзе прынята ў Маскве», – падкрэслівае дэпутат Вярхоўнага Савету XІІ Склікання Сяргей Навумчык.

Усебеларускі народны сход – спектакль ня толькі для ўнутранага карыстання і ня толькі на экспарт у Расею. Паводле палітолага Вольгі Харламавай, адрасат таксама – Захад.

«Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то гэта – банальны шантаж. Калі вы далей працягнеце санкцыйную рыторыку, калі вы далей будзеце спрабаваць уплываць з пункту гледжання беларускіх уладаў на ўнутраныя праблемы, у нас ёсць Расея, да якой мы можам пераскочыць», – тлумачыць Вольга Харламава.

Між тым на канец лютага запланаваная сустрэча Лукашэнкі з Пуціным. Апроч паглыблення інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй размова мае пайсці аб вылучэнні чарговага расейскага крэдыту.

Ігар Станкевіч, «Белсат»