«Яна зведала найвялікшую адказнасць за лёс сваіх калег». Марыя Калеснікава – музыка, якая стала палітыкам


За пяць месяцаў Аляксандр Калеснікаў ні разу не сустрэўся з дачкою. Марыю затрымалі 7 верасня ў Менску і спрабавалі гвалтоўна вывезці з краіны, але на мяжы адбылося неймавернае: яна парвала свой пашпарт, каб застацца на радзіме, што азначае – у турме.

«Яна зведала найвялікшую адказнасць за лёс сваіх калег, у тым ліку Віктара Дзмітрыевіча і Эдуарда, якія раней былі затрыманыя. Яна заўсёды мне казала: тата, нашая каманда – гэта не пустыя словы. Гэта людзі, пра якіх я заўсёды думаю. Таму ейны ўчынак – гэта крок вялікай адказнасці», – кажа тата Марыі Аляксандр Калеснікаў.

«Вы неймаверныя!» – выказванне Марыі Калеснікавай сталася адным з сімвалаў пратэставай Беларусі. Прафесійная музыкантка-флейтыстка скончыла акадэмію музыкі ў Менску і Вышэйшую школу музыкі ў нямецкім Штутгарце. На прапанову Віктара Бабарыкі ўзначаліла творчую пляцоўку «Ок16», а затым – ягоны выбарчы штаб у прэзідэнцкай кампаніі. Разам са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкала Марыя Калеснікава аб’ехала дзясяткі гарадоў, каб сустрэцца з тысячамі людзей.

«Яны змаглі аслабіць улады такім чынам, што гэта сталася для ўладаў пагрозаю. Прычым пагрозаю асабістаму існаванню. Яны цудоўна разумеюць, што парушаюць закон, што яшчэ да гэтай прэзідэнцкай кампаніі знікалі палітыкі. І цяпер, калі ідзе такое жорсткае здушэнне, я спрабую яшчэ раз дагрукацца да тых афіцэраў і заклікаю іх застацца афіцэрамі – захаваць сваю годнасць, бо пасля будзе балюча ды сорамна і не толькі ім, але і іхным блізкім», – працягвае спадар Аляксандр.

Марыю Калеснікаву вінавацяць у «закліках да дзеянняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бяспекі Беларусі»: паводле часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу ёй пагражае да пяці гадоў турмы. Марыя – адна з 246 палітычных зняволеных, на знак падтрымання якіх штаб Віктара Бабарыкі стварыў адмысловы інтэрнэт-сайт «Палітзэк».

«Механіка праекту вельмі простая: можна заходзіць на сайт, пабачыць там партрэты палітвязняў, з якімі можна пасябраваць. І калі вы сябруеце з пэўным чалавекам, вы можаце выконваць для яго заданні – так адбываецца камунікацыя. Можна адправіць ліст, можна піць гарбату, можна хадзіць да яго на суды», – кажа прэсавы сакратар штабу Глеб Гермянчук.

На знак падтрымання Марыі Калеснікавай Нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч перадала ў падарунак Аляксандру Калеснікаву двухтамовік з надпісам «Смелай дзяўчынцы, якая не баіцца злосных паліцэйскіх і змагаецца з імі, і ейнаму тату – самым смелым у свеце».

Галіна Абакунчык, «Аб’ектыў»