Ці завершаная місія ў Казахстане?


Вывад міратворчага кантынгенту АДКБ з Казахстану мае пачацца ўжо заўтра і працягнецца не даўжэй за 10 дзён. Пра гэта заявіў кіраўнік краіны Касым-Жамарт Такаеў падчас паседжання ў Алматы аператыўнага штабу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Перабыванне міратворчага кантынгенту АДКБ у Казахстане, у тым ліку ў Алматы, адыграла вельмі вялікую ролю з пункту гледжання стабілізацыі сітуацыі ў нашай краіне. Безумоўна, гэта мела вялікае псіхалагічнае значэнне для адбіцця агрэсіі тэрарыстаў і бандытаў. Місія ацэньваецца як вельмі паспяховая», – адзначыў Касым-Жамарт Такаеў.

Камендатура Алматы, дзе адбываліся наймацнейшыя сутыкненні між пратэстоўцамі ды паліцыяй, паведаміла пра затрыманне толькі цягам апошніх содняў амаль 1700 чалавек – удзельнікаў пратэстаў. Жыхары ж гораду не могуць адшукаць сваякоў, затрыманых яшчэ на мінулым тыдні.

«Там размяшчаецца турма ўнізе, ізалятар. Ён даволі вялікі, там утрымліваюць затрыманых. Туды не пускаюць ні адвакатаў, ні сваякоў, нікога. Адвакаты павінны прысутнічаць на допытах, але, як бачыце, ніхто не можа прайсці, і блокпост закрывае магчымасць для сваякоў і адвакатаў паглядзець, што адбываецца. Няма нават спісу затрыманых», – кажа Рэнат, сябра аднаго з затрыманых.

Дагэтуль нічога не вядома пра месцазнаходжанне першага прэзідэнта Казахстану. Не з’яўляецца на паседжанні парламенту і ягоная дачка Дарыга Назарбаева, памочнікі паведамляюць, што сёння яна ўзяла бальнічны. Крэмль шматразова падкрэсліваў, што не мае звестак пра Нурсултана Назарбаева. Раней Аляксандр Лукашэнка распавядаў пра тэлефонную размову з Назарбаевым, але гэтага не мог пацвердзіць нават прэсавы сакратар казахскага палітыка. Сёння амбасадар Казахстану ў Азербайджане Сержан Эбдыкерамаў заявіў, што валодае інфармацыяй пра цэлы шэраг тэлефонных размоваў Назарбаева з адразу некалькімі замежнымі лідарамі. Прозвішчы апошніх не прагучалі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»