«BYPOL» стварыў праграму ідэнтыфікацыі сілавікоў


Ідэнтыфікуюць усіх сілавікоў, датычных да гвалту і рэпрэсіяў. «BYPOL» паведаміў, што распрацаваў уласную сістэму распазнавання твараў на аснове базаў дадзеных Міністэрства ўнутраных справаў, узламаных кіберпартызанамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каб прадэманстраваць магчымасці сістэмы распазнавання, яе стваральнікі раскрылі некалькі асобаў з беларускага вайсковага кантынгенту ў складзе сілаў АДКБ. Прадстаўнік ініцыятывы Мацвей Купрэйчык кажа, што падчас народных пратэстаў у Казахстане беларускія вайскоўцы не мусілі ўмешвацца ў развязанне ўнутрыдзяржаўнага канфлікту:

«Сітуацыя ў Казахстане вельмі выразна паказала, што дыктатар баіцца ўцёкаў сілавікоў. Таму ў будучым вы можаце чакаць сур’ёзных перастановак у МУС, пра якія ўжо шмат хто ведае ўнутры сістэмы».

Падчас пратэстаў у Беларусі ад гвалтоўных дзеянняў сілавікоў пацярпелі дзясяткі тысячаў чалавек. Аднак ніводная крымінальная справа пры дзейным рэжыме супраць прадстаўнікоў сілавых структураў заведзеная не была.

«Мы ведаем, што яны вельмі баяцца дэанону. Таму яны і апраналі балаклавы, капюшоны, кепкі, акуляры. Нам ужо дастаткова ўсяго, каб пачаць ствараць базу дадзеных тых злачынцаў, якія засвяціліся на гэтых фота- і відэаматэрыялах», – распавядае прадстаўнік «BYPOL» Мацвей Купрэйчык.

У будучым за здзейсненыя гвалтоўныя дзеянні ды перавышэнне паўнамоцтваў сілавікі панясуць крымінальную адказнасць, абяцаюць у Народным антыкрызісным упраўленні. Адрознівацца будзе падыход да афіцэраў і камандзіраў, калі яны не мелі наўпрост дачынення да рэпрэсіяў і змогуць даказаць гэта на спецыяльнай пераатэстацыі.

«Калі такіх доказаў яны не змогуць прадставіць, то ў дачыненні такіх асобаў будзе прымацца рашэнне спецыяльным упаўнаважаным створаным органам пра магчымасць праходжання імі службы», – тлумачыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

А ўся сістэма ўнутраных справаў падпадзе пад функцыянальныя рэформы.

«Адназначна можна сказаць, што напрошваецца такая рэформа, як перадача Дэпартаменту выканання пакаранняў з распараджэння Міністэрства ўнутраных справаў пад веданне грамадскага органу. Каб не было так, што тыя, хто злавілі, тыя, хто судзілі, яны ж пасля і вартуюць, маючы нейкае перадузятае стаўленне», – зазначае Арцём Праскаловіч, юрыст НАУ.

Для выкрыцця злачынцаў з ліку сілавікоў, датычных да пераследу ў часе пратэстаў, «BYPOL» просіць дасылаць фота і відэа з зафіксаванымі на іх момантамі здзяйснення злачынстваў і тварамі сілавікоў на Telegram-акаўнт @infobypol.

Марыля Дакуцька, «Белсат»