Андрэй Аляксандраў ужо год за кратамі


Калі верыць тэлеграм-каналу адыёзнага палітолага Аляксандра Шпакоўскага, Следчы камітэт вінаваціць інфармацыйную кампанію БелаПАН у атрыманні прыхаванага фінансавання памерам альфа $ 1 600 000. А толькі ў 2020 годзе агенцтвам, цытата, «было атрымана $ 800 000 ад Бі-Бі-Сі ды “Фонду Сораса” на фармаванне пратэставых грамадскіх настрояў». Сёння ж спаўняецца роўна год з затрымання былога намесніка гендырэктара БелаПАНу Андрэя Аляксандрава. У розныя перыяды Андрэй працаваў на кіраўнічых пасадах у Беларускай асацыяцыі журналістаў і журналісцкіх ініцыятывах, у тым ліку накіраваных на барацьбу з цэнзураю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сябар і былы калега Андрэя Барыс Гарэцкі ўзгадвае:

«Андрэй Аляксандраў надзвычай прафесійны медыяменеджар. Такіх людзей у Беларусі вельмі мала, якія не толькі ўмеюць знаходзіць сродкі на медыя, але і арганізаваць якасную працу, эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж супрацоўнікамі – распаўсюд кантэнту медыя».

У 2020 годзе Андрэй разам са сваёй сяброўкай Ірынай Злобінай удзельнічаў у працы краўдфандынгавай платформы «BY_help», праз якую, між іншага, аплочвалі штрафы ўдзельнікам тагачасных пратэстаў. Менавіта гэтая дзейнасць, стала фармальным чыннікам для затрымання Андрэя і Ірыны. Пазней яго абвінавацілі аж паводле трох артыкулаў, улучна са «здрадай дзяржаве». Палітолаг Андрэй Ягораў кажа:

«Андрэй і па ўсіх астатніх параметрах, як бачна ў сённяшняй сітуацыі, – “вораг дзяржавы”. Ён адначасова і журналіст, і рэдактар незалежнага медыя, ён і грамадзянскі актывіст».

Сябры атрымоўваюць ад Андрэя даволі шмат лістоў, паштовак і вершаў. Кажуць, што ён не адчайваецца, нават стараецца сам падтрымліваць тых, хто на волі. Праз сяброў ён таксама лістуецца на філасофскія тэмы з яшчэ адным палітвязнем і нашым калегам – Уладзімірам Мацкевічам.

Сацыёлаг і сяброўка Андрэя Таццяна Вадалажская кажа, што як раз сёння атрымала, напісаны напрыканцы мінулага года ліст і вось дэвізам лістоў Андрэя праходзіць улюблёны гімн Ліверпулу «Ты ніколі не будзеш адзін».

Паводле Таццяны Андрэй спрабуе трымаць сябе годна як чалавек, далей развівацца, думаць пра будучыню, а не пра нейкі жах, які зараз адбываецца.

Пісаць Андрэю можна на адрас: СІЗА №1. 220030 Менск, Валадарскага 2. Палітзняволеных можна падтрымліваць лістамі ды паштоўкамі. Афармленне даступнае онлайн праз такія сэрвісы, як vkletochku.org, пісьмо.бел, politzek.me, ініцыятыву «паштоўкі салідарнасці».

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»