Апошні самалёт з Масквы ў Тбілісі вылеціць увечары сёмага ліпеня


Уладзімір Пуцін сваім указам цалкам скасоўвае авіязлучэнне з Грузіяй.

Ларыса Хачэтава, пасажырка маскоўскага аэрапорту «Шарамецьева» з гэтай нагоды кажа: «Вядома, людзі павінныя вырашаць самыя, але, з іншага боку, калі крыўдзяць тваю краіну – таксама крыўдна. Прамаўчаць прэзідэнт не мог, гэта таксама зразумела».

Указ Пуціна уведзены «у мэтах гарантавання нацыянальнай бяспекі Расейскай Федэрацыі ды абароны грамадзянаў РФ ад злачынных ды іншых супрацьпраўных дзеянняў». Прычына – грамадскія хваляванні, што днямі ахапілі шэраг грузінскіх гарадоў праз правакацыйныя паводзіны дэпутата расейскай Думы Сяргея Гаўрылава. Разам з гэтым, Грузія ўваходзіць у топ-15 самых запатрабаваных сярод расейцаў кірункаў – цяпер «Аэрафлот» выконвае туды чатырнАццаць рэйсаў на тыдзень. Паводле Асацыяцыі тураператараў Расеі, цяпер у Грузіі застаецца не менш як 10 тысяч расейскіх турыстаў.

Расейскія турысты ў Тбілісі:

«Наконт падзеяў – мы іх на сабе неяк ўвогуле не адчулі, толькі ад сваякоў даведаліся праз ліставанні, што тут нешта адбываецца. А ў цэлым нейкага негатыву ўвогуле абсалютна няма».

«У іх, як мне падалося, вельмі добрае стаўленне да нас, вельмі сяброўскае».

«Я думаю, што гэта чыста нейкая палітыка працуе на ўсіх, на нейкі час зачыняць, потым адчыняць. Хто не захоча самалётам, паедзе на аўтамабілі, вось і ўсё».

Аднак сёння стала вядома пра дадатковую перашкоду – з восьмага ліпеня расейскі Мінтранс забараніў яшчэ і палёты грузінскіх авіякампаніяў у Расею. Шматлікія журналісты называюць апошнія дзеянні расейскіх уладаў палітычным ціскам.

Дзмітрый Аваліяні, рэдактар грузінскага выдання «Jamnews»: «Гэтым разам нават не на ўрад Грузіі. Бо грузінскі ўрад паводзіць сябе ціха-мірна дагэтуль у дачыненні Расеі. Аказваецца ціск на народ Грузіі, на людзей, якія збіраюцца на вуліцах, якія пратэстуюць наўпрост супраць здрады грузінскіх уладаў».

У часе масавых пратэстаў, якія працягваюцца з 20-га чэрвеня, у выніку сутычак з паліцыяй пацярпелі больш як дзвесце чалавек, некалькі мітынгоўцаў – у цяжкІм стане. Звестак пра пацярпелых грамадзянаў Расеі няма. Дзмітрый Аваліяні падкрэслівае, што пратэсты ёсць выключна ўнутранай справай Грузіі ды скіраваныя не супраць Расеі ці яе грамадзянаў, а супраць дзеянняў мясцовага ўраду. Прычым 90 адсоткаў незадаволеных – моладзь.

Дзмітрый Аваліяні, рэдактар грузінскага выдання «Jamnews»: «Нічога Пуцін і ягоны ўрад з грамадзянамі Грузіі, якія выходзяць на вуліцу, не зробіць. Не зможа навязаць сваю волю, я лічу. Хутчэй за ўсё, урад Грузіі не перажыве гэтага крызісу, але ўсё астатняе застанецца на сваім месцы».

Аднак транспартавыя дачыненні паміж Грузіяй ды Расеяй пакуль дакладна застануцца складанымі. Тых расейцаў, якія не паспеюць вылецець дадому да 8-га ліпеня, будуць вывозіць праз аэрапорты Паўночнай Асеціі ды Арменіі. Застаюцца і іншыя варыянты. У інтэрнэце ўжо жартуюць наконт шматвектарнасці кампаніі «Белавія».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»