11 гадоў без Яны Паляковай. Волчак і Мікалайчык пра самую вядомую праваабаронцу Салігорску

Рэжысёрка Вольга Мікалайчык

Праваабаронцу ў яе родным горадзе памятаюць і праз 11 гадоў пасля яе самагубства.

Суседзі згадваюць Яну толькі добрымі словамі. Кажуць, што і дагэтуль шакаваныя заўчасным сыходам.

«Вось я тут жыву, а Яна жыла там. Гэта быў вельмі цудоўны чалавек – ціхая спакойная. Я яе дваццаць гадоў ведаў – харошы і добрасуседскі чалавек», – узгадвае сусед Аляксаендр Курыльчык.

«У мяне пра гэта лепш не пытацца, бо я перанесла гэта вельмі цяжка… Маладая, прыгожая, разумная дзяўчына… Гэта ўсё вельмі цяжка», – дзеліцца пачуццямі суседка Таццяна Каржанец.

Юрыстка Яна Палякова была вядомая ў грамадска-палітычных колах і сярод салігорцаў. Каля дзесяці гадоў яна бараніла правы людзей.

«З першых дзён я пабачыў у ёй чалавечнасць, маральнасць і прафесіяналізм. Яна магла ад падатковага заканадаўства працаваць да крымінальнага і дапамагаць людзям. Яна з дзесяць гадоў, як мы супрацоўнічалі, вельмі многім людзям дапамагла і ў Менску, і ў Салігорску, кагосьці і ад турмы выратавала», – сведчыць кіраўнік грамадскай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Праваабаронца Алег Волчак. Фота – «Белсат»

Пераслед распачаўся, калі Яна стала сябрай ініцыятыўнай групы адной з апазіцыйных кандыдатак на парламенцкіх выбарах 2008 года. Актывістка заяўляла, што яе незаконна затрымлівалі і нават збівалі ў міліцэйскім пастарунку. Супраць праваабаронцы распачалі крымінальную справу за, нібыта, «непраўдзівы данос» на супрацоўніка міліцыі.

«Сапраўды: яна моцна перайшла дарогу ўсёй гэтай праваахоўнай сістэме. Яна паставіла іх у такое становішча, што яны прынялі такое жорсткае рашэнне – псіхалагічна здушыць, запалохаць. Яна ў Менск не прыязджала, казала – мяне не выпускаюць. Я думаў: як не выпускаюць? А пасля стала зразумела, што яна сапраўды пад кантролем была», – дадае Волчак.

У выніку салігорскі суд прыгаварыў актывістку да 2,5 гадоў абмежавання волі. Гэта здарылася напярэдадні трагедыі, а ў дзень гібелі ў газеце «Советская Белоруссия» выйшаў фельетон, падпісаны псеўданімам Ксенафонт Суперфасфатаў, з абразамі на адрас Яны Паляковай. У тую ж ноч – з 6 на 7 сакавіка 2009 года – яе ня стала. Рэжысёрка Вольга Мікалайчык зняла пра Яну фільм «Забойства напярэдадні вясны».

«Я не вагалася ні хвіліны. Я зразумела, што зраблю фільм. Вось гэты маніфест вольнасці – гэта не жэст адчаю, а маніфест вольнасці, што яна самагубствам скончыла сваё маладое жыццё. Яна вельмі хацела жыць, але гэты жэст азначае: яна не скарылася. І вельмі напалохала гэтых людажэраў ад улады, якія з яе здзекаваліся, яна іх страшна напалохала».

Улады адмовілі праваабаронцам у распачынанні крымінальнай справы за «давядзенне да самагубства», а таксама ў пасмяротнай рэабілітацыі актывісткі. Быў адхілены таксама і пазоў да газеты «Советская Белоруссия». Яна Палякова пасмяротна ўзнагароджаная прэміяй «За асабістую мужнасць».

Рэпартаж Галіны Абакунчык глядзіце ў поўным выданні навінаў за 7 сакавіка

Глядзі таксама