Аб'ектыў 10.06.2019 11 чэрвеня афіцыйна запусцяць акумулятарны завод пад Берасцем


У гэты ж дзень будуць чарговы раз судзіць мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна, які без страху распавядае грамадскасці пра ўсе змены вакол шкоднай вытворчасці. Сёння суд не агучыў выраку народнаму рэпарцёру, якога вінавацяць у дробным хуліганстве. Але хто насамрэч хуліганіць у буйных маштабах?

У чарговай справе супраць «Народнага рэпарцёра» суд абвесціў перапынак да заўтра.

«Па-першае гэта не суд, а расправа. Ініцыятарам выступіла нашая міліцыя, добра вядомы Мікалай Георгіевіч Самасюк», – кажа Уладзімір Вялічкін, праваабаронца.

Завод «АйПауэр» заўтра запрацуе напоўніцу. Чорны дзень у берасцейцаў, якія амаль паўтары гады змагаюцца за права на чыстае паветра. Грамадская варта дзяжурыць пад прадпрыемствам ад траўня – фіксуе парушэнні пасля пачатку пусканаладачных работ. Алесь Абляк, праціўнік заводу:

«Ён працуе кожны дзень, працуе начамі, варта стаіць там 24 гадзіны».

Актывісты ананімна атрымалі дакладную запіску Аляксандра Гарошка з аблкамітэту Мінпрыроды:

«У пратаколах пад грыфам «ДПС» ад 28.05.2019 засведчанае перавышэнне нарматываў паводле пяці крыніцаў. […] Распачаўся збор дакументаў дзеля разліку кампенсацыі стратаў […] і вядзення адміністратыўнага працэсу».

У Мінпрыроды інфармацыю цалкам пацвердзілі, што вітаюць актывісты «Свінцовай варты». Другою перамогаю лічаць заканчэнне нядзельнай акцыі супраць запуску заводу. Гарадскія ўлады запрасілі на спатканне:

«Цяпер ёсць дакладны інструментарый паглядзець, ці атрымалася нешта ў гэтага інвестара, і ці будзе завод працаваць увогуле. І калі ў гэтай сітуацыі будуць адхіленні, як яго закрыць», – гаворыць кіраўнік берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук.

Прысутныя падзякавалі:

«Вам вялікі дзякуй! Вельмі добра, што вектар вы абазначылі, цяпер важна, каб вы яго завяршылі».

Паводле навукоўцаў, свінец – цяжкі таксічны метал, здабыванне, вытворчасць і перапрацоўка сыравіны з якога шкодзіць экалогіі і найгорш уплывае на здароўе дзяцей. Апроч першага прызнання дзяржаваю перавышэнняў таксінаў у адкідах з «АйПаўэру», блогер НЕХТА паказаў афіцыйны дакумент пра леташнія перавышэнні іншымі прадпрыемствамі Берасцейшчыны.

Берасцейскія глебы атручаныя свінцом. Найгорш з адкідамі з «Белінвестторг-Сплав» і «Брэстаўтадор». «АйПаўэр» можа даліць свінцу ў сваім абшары і дадаць узгаданым прадпрыемствам – менавіта яны маюць забіраць адкіды з новай вытворчасці.

Сяргей Пятрухін, блогер:

«Ніхто не хоча браць на сябе адказнасць за запуск і ставіць свой подпіс пад дазволам. Таму яны прыпёртыя да сцяны, на мой погляд, і адмыслова робяць «укіды» у сеціва, каб зрабіць мацнейшы розгалас і не яны, а грамадскасць паўплывала на закрыццё заводу».

Пасля адмовы жыхарам Берасцейскага раёну ў правядзенні рэферэндуму, грамадскасць паказала сваю моц. Цяпер людзі спадзяюцца на абяцаную старшынём гарвыканкаму сустрэчу з кіраўніком вобласці і просяць:

«Вы ў газетах апублікуйце вынікі замераў, пра якія кажуць у гэтым лісце, няхай людзі ведаюць, якой небяспецы яны падвяргаюцца».

У запасе актывісты трымаюць магчымасць скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары