У Жодзіне не стае 300 лямпачак


300 лямпачак бракуе для асвятлення Жодзіна. Развязаць праблему можна будзе ў выпадку, калі ў бюджэце знойдуцца грошы. Але ёсць нюанс: гаворка пра бюджэт на наступны год. Пры гэтым на дзяржаўным тэлебачанні смяюцца з таго, што ў цемры патанаюць украінскія і еўрапейскія гарады. Дзе сапраўды існуюць праблемы з асвятленнем?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Магілёўскія чыноўнікі зладзілі гэтак званы «начны дазор»: вялікаю дэлегацыяй прайшліся па цэнтры гораду, каб ацаніць вулічнае асвятленне.

«У першую чаргу мы будзем прыдаваць высілкі відавым месцам: гэта плошча Славы і падобнае. А другая частка будзе накіраваная на асвятленне дваравых тэрыторыяў, прастораў, каб жыхары ўвечары маглі бяспечна прайсці ў краму або дзеці маглі бяспечна прыйсці са школы», – пракаментаваў газеце «Веснік Магілёва» намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Андрэй Кіблоў.

Падчас гэтак званага «дазору» работнікі Магілёўскага гарвыканкаму заўважылі брудныя або выцвілыя шыльды, брук, які выступае на ходніку, лужыны на пешаходных сцежках ды іншыя праблемы.

«Вось цяпер восень, лісце – такая праблема, ранняя цемра, якая яшчэ адну праблему дадае. Ці ўсюды працуюць ліхтары ды апоры ўсталяваныя, а вось ці ёсць там проста банальныя лямпачкі, ці туды яны накіраваныя, ці свецяць яны?» – падчас рэйду разважала намесніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка.

Але не там шукаюць. Калі зазірнуць на Рэспубліканскі партал гарадской гаспадаркі «115.бел», то можна пабачыць, што жыхары Магілёва скардзяцца на адсутнасць асвятлення не ў цэнтры гораду, а на ўскрайках:

«Зноў не працуе святло насупраць дамоў 12, 14 на Слаўгарадскай шашы. Гэта нейкае выбарачнае вымыканне? Усе астатнія працуюць па два бакі».

«Перагарэлі свяцільні вулічнага асвятлення на вулілы Васіля Матэвушава паблізу дамоў № 1 (дзве свяцільні), № 12 (дзве свяцільні) і № 4».

«Ленінскі раён, завулак Ватуціна, побач з «Белмаркетам» ужо не першы месяц увечары міргае ліхтар. Раздражняе зрок».

«Няма асвятлення каля дому № 40 на вуліцы Куцепава. Ніводны ліхтар не гарыць».

Цёмна не толькі ў Магілёве. Жыхары дому нумар 9 на вуліцы Леніна ў Жодзіне скардзяцца на адсутнасць лямпачак у пад’ездзе ўжо некалькі месяцаў. Дырэктар мясцовага ЖЭСу Юрый Рабецкі пракаментаваў гэтую праблему газеце «Жодзінскія навіны» наступным чынам:

«Па ўсім горадзе сабралося ўжо больш за 300 заявак на замену лямпачак у месцах агульнага карыстання жыхароў. Але трэба разумець, што жыхары не аплочваюць гэтай працэдуры, бо яна не ўваходзіць у тэхабслугоўванне. Грошы на замену асвятлення ў падʼездах бяруцца з гарадскога бюджэту. Сёлета вылучаныя на гэта сродкі ўжо зрасходаваныя, таму магчымасць выканаць усе заяўкі, хутчэй за ўсё, будзе толькі ў наступным годзе».

Былы дэпутат Белаазёрскага гарадскога савету Юрась Губарэвіч кажа, што праблема з гарадскім асвятленнем цягнецца яшчэ з 1990-ых гадоў. У якасці прыкладу ён прыводзіць гісторыю, да якой меў дачыненне:

«Я сам узгадваю свой досвед працы ў Белаазёрскім гарадскім савеце, якраз у першы год мы разам з грамадскасцю пачалі кампанію за светлы горад. Уяўляеце, Белаазёрск – гэта горад энергетыкаў, ён каля Бярозаўскай ДРЭС, і для гэтага гораду не хапала гарадскога асвятлення».

На думку Губарэвіча, гэта быў ледзь не адзінкавы прыклад, калі праблему ўдалося развязаць. Маўляў, да сёння шмат дзе ў Беларусі, ды асабліва ў мястэчках, асвятленне – вялікая праблема.

«Неабходна мець мясцовае самакіраванне, якое нармальна функцыянуе, і іншую сістэму фармавання мясцовых бюджэтаў. Ну і ў прынцыпе думаць пра рэформу эканомікі, каб грошай хапала, бо прапаганда сёння гаворыць пра квітнеючую, можна сказаць, светлую Беларусь і Еўропу, якая проста патанае ў цемры. А сітуацыя выглядае абсалютна наадварот», – кажа старшыня руху «За свабоду!» Юрась Губарэвіч.

Больш «начных дазораў» трэба рабіць беларускім чыноўнікам, каб урэшце нашыя гарады не нагадвалі, напрыклад, Кіеў ці Львоў. Толькі ва Украіне вымушаныя ашчаджаць электрычнасць праз напады расейцаў на энергетычную інфраструктуру. А ў Беларусі якое будзе апраўданне?

Вольга Васільева, «Белсат»