Ці перамогуць п'янства днём цвярозасці?


Бабруйчане дзеляцца здымкамі ў сацсетках, як выглядалі алкагольныя аддзелы ў бабруйскіх крамах напярэдадні і як яны выглядаюць сёння. У раёне ладзіцца чарговы дзень цвярозасці, сёлета – чацвёрты. Наступным тыднем (16 лістапада) дзень без алкаголю зладзіць Браслаўшчына, а ў канцы месяца (29 лістапада) – Дрыбіншчына. У Бярэзінскім раёне дні цвярозасці праходзяць штомесяц.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта не сістэмная праца, абвясціць адзін дзень – давайце не будзем піць, калі астатнія дні алкаголь можна спакойна набыць і на запраўках, і ў маленькіх крамах 24/7. Таму гэта ніяк, я лічу, не ўплывае на тое, што людзі будуць менш піць», – кажа палітык і юрыстка Вольга Кавалькова.

Згодна з сёлетнімі даследаваннямі, што грунтуюцца на звестках Сусветнага дэмаграфічнага агляду, Беларусь займае другое месца паводле ўзроўню алкагалізму ў Еўропе. Амаль дзевятнаццаць адсоткаў (18,80 %) насельніцтва краіны цярпіць ад алкагольнай залежнасці. Беларусь таксама сярод сумных лідараў у смяротнасці, звязанай з алкаголем, паведамляе сайт «World Life Expectancy» – амаль два дзясяткі смерцяў на сто тысяч асобаў.

Галоўная прычына, чаму людзі атрымліваюць залежнасць ад алкаголю, – псіхалагічныя праблемы, падкрэслівае псіхіятр і нарколаг Аляксандр Байчук.

«Менавіта з гэтай нагоды чалавек звяртаецца па дапамогу да алкаголю – калі ў ягоным жыцці доўгі перыяд часу ён сутыкаецца з нейкімі непераадольнымі цяжкасцямі. І хімічнае рэчыва этанол дапамагае актываваць сістэму падмацавання і пераключыць гэтае адчуванне, штучна стварыць ілюзію камфорту», – кажа Аляксандр Байчук.

Каб пераадолець праблему алкагалізму, патрэбныя сістэмныя намаганні дзяржавы ў гэтым кірунку.

«Асветніцкія захады, дзеянні, скіраваныя на дапамогу падлеткам, якія трапілі ў складаную сітуацыю, адкрыццё цэнтраў, дзе ананімна можна гаварыць пра нейкія праблемы ўнутры сямʼі, захады, што дазваляюць зменшыць псіхалагічную нагрузку на чалавека», – пералічвае Аляксандр Байчук.

Вольга Кавалькова, якая ў Беларусі шмат гадоў кіравала праектам «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю», называе і іншыя захады, што давялі сваю эфектыўнасць.

«Гэта абмежаванне продажу алкаголю ў пэўны час і ў пэўных месцах, каб яны не прадаваліся ў першай даступнасці, каб на пэўную колькасць насельніцтва [была пэўная колькасць крамаў], што гандлююць алкаголем, каб ён не прадаваўся, напрыклад, у выходныя дні і ў начны час», – кажа Вольга Кавалькова.

Дзяржава ж не зацікаўленая, каб людзі менш ужывалі алкаголю, бо тады яны пачынаюць больш думаць, перакананая Вольга Кавалькова. Таму замест рэальных супрацьалкагольных захадаў робяцца фэйкавыя дні цвярозасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»