Польшча адзначае свой сто чацвёрты Дзень незалежнасці


11-га лістапада 1918-га года было падпісанае Камп’енскае замірэнне. Гэты дакумент азначаў фактычнае заканчэнне Першай сусветнай вайны. Лічыцца, што менавіта ў гэты дзень Польшча і займела незалежнасць – упершыню за 123 гады. Цяпер заходняя суседка Беларусі сталася фактычна другім домам для шмат якіх беларусаў. А ўкраінцам – першаю саюзніцай у вайне супраць агульнага ворага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэзідэнт Украіны павіншаваў кіраўніцтва Польшчы ды польскі народ з Днём незалежнасці. У сваёй прамове па-польску Уладзімір Зяленскі згадаў, што ў гісторыі дачыненняў паміж дзвюма краінамі былі розныя моманты, але цяпер Польшча і Украіна – сёстры, якія разам змагаюцца за волю і незалежнасць усяго рэгіёну.

«Вашыя людзі – нашыя саюзнікі, – абвясціў прэзідэнт Зяленскі. – Вашая краіна – нашая сястра. Вашае сяброўства – навекі. Нашае сяброўства – навекі. Нашая любоў – навекі. І мы будзем разам – пераможцамі».

Тым часам прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў святочнай прамове на парадзе згадаў беларусаў і Беларусь як краіну, якая імкнецца да свабоды, незалежнасці і добрага суседства.

«Глыбока веру ў тое, што душою з намі цяпер не толькі нашыя сябры і суседзі з Украіны, але таксама і нашыя суседзі ды сябры з Беларусі – з глыбокім пачуццём прагі незалежнай, суверэннай і вольнай дзяржавы, якую, я веру, яны нарэшце здабудуць. Якая будзе сябрам Польшчы, сябрам Літвы і сябрам Украіны», – абвясціў польскі прэзідэнт.

Свае віншаванні даслаў і Аляксандр Лукашэнка.

«Ад духоўна вельмі блізкіх беларусаў ніколі не зыходзіла пагроза». Гэта адна з цытатаў віншавання. Пры гэтым ён звяртаўся толькі да народу Польшчы.

«Гэта такая традыцыйная лінія афіцыйнага Менску ў адносінах з Захадам для прапаганды, – адзначыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. – І гэта ўжо пераносіцца з прапаганды ў рэальную палітыку – аддзяляць, умоўна скажам, народы ад улады. Вось якія ў вас нехарошыя ўлады, а народы ў вас харошыя: яны нас, беларусаў, любяць і разумеюць. І ў нас з вамі – канкрэтна з палякамі – агульная гісторыя!»

Нейкім дзіўным чынам віншаванне спалучаецца з арыштамі польскіх актывістаў у Беларусі, гвалтоўнай русіфікацыяй польскіх школаў, разбурэннем магілаў польскіх вайскоўцаў.

Марына Яновіч, «Белсат»