На месцы вядомых рэстаранаў з'явяцца расейскія пункты «Вкусно – и точка»


Амаль дваццаць шэсць гадоў беларусы цешыліся ежаю з сеткі рэстаранаў хуткага харчавання «МакДоналдс». Сёння гэтая гісторыя скончылася. Адміністрацыя франшызы заявіла пра франчайзінг.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Неўзабаве «МакДоналдс» пачне працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно – и точка».

«Беларускія рэстараны “МакДоналдс” будуць развівацца роўна ў той жа канцэпцыі, у якой развіваецца сёння “Вкусно – и точка”. Так адбылося скарачэнне асартыменту, там адбыўся невялікі рост коштаў: прыкладна на 10 адсоткаў. І тое ж самае чакае беларусаў», – мяркуе бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

На сайце кампаніі паведамляецца, што рэстараны пачнуць працу пад новым брэндам ужо праз некалькі тыдняў. Нягледзячы на змены, адміністрацыя запэўнівае: рэбрэндынг ніяк не паўплывае на працаўнікоў і нават дапаможа захаваць больш чым дзве тысячы працоўных месцаў. І сапраўды, нягледзячы на новае кіраўніцтва, рэстараны працягваюць набіраць працаўнікоў і абяцаюць ім тыя ж заробкі.

«На дадзены момант пры працуем як рэстаран “МакДоналдс” і прымаем супрацоўнікаў як рэстаран “МакДоналдс”», – адказвае нам на тэлефонны званок менеджар аднаго з менскіх рэстаранаў.

Паводле крыніцаў «Нашае Нівы», не зменіцца пасля рэбрэндынгу і меню рэстаранаў. Пры гэтым праблемы з пастаўкамі прадуктаў назіраліся яшчэ ў кастрычніку. Прэс-служба сеткі паведамляла пра скарачэнне асартыменту сняданкаў: з меню зніклі макмафіны, амлеты, мактосты ды іншыя стравы.

«Безумоўна, уплыў санкцыяў. Бо сусветная карпарацыя “МакДоналдс”, вядома ж, закупляла асноўныя прадукты на месцы: і бульбу, і тое, што па асноўным крытэрам якасці можна было закупляць на месцы. Але нейкія дробязі, якія вызначаюць смак стравы, закупкі сусветных маштабаў, – вось з імі стала дрэнна», – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Тым часам уладальнік расейскай сеткі «Вкусно – и точка» Аляксандр Говар назваў выхад на беларускі рынак вельмі важным крокам для кампаніі. Расейскі мільярдэр, які з пачаткам вайны набыў усе расейскія «МакДоналдсы», зарабіў свой капітал на нафтавым рынку і мае сувязі ў прапуцінскай партыі «Единая Россия».

«Цяпер “Вкусно – и точка” будзе працаваць не толькі ў Расеі, але і ў Беларусі, і гэта толькі пачатак! Мы плануем эфектыўна ўзаемадзеяць з нашымі франчайзі, каб пашыраць бізнес і даць яшчэ большай колькасці гасцей смачныя, якасныя і любімыя імі прадукты за даступныя цэны», – заявіў уладальнік расейскай сеткі «Вкусно – и точка» Аляксандр Говар.

У Расеі сетку «Вкусно – и точка» адкрылі ў памяшканнях «МакДоналдсу» сёлета ў чэрвені. Аматараў фаст-фуду чакала прыемнае адкрыццё: акрамя назвы, у новых рэстаранах амаль нічога не змянілася: прынамсі, пазіцыі меню засталіся тыя ж. Восемсот пяцьдзясят рэстаранаў хуткага харчавання кампанія «МакДоналдс» прадала Аляксею Говару праз вайну ва Украіне. Цяпер, відаць, такі ж лёс чакае і беларускую сетку.

«Гэтая тэндэнцыя – агульная і, верагодна, яна можа ўзмацняцца. І таму гэты крок сеткі “МакДоналдс” можа стаць не апошнім у агульным ланцужку сыходу іншых заходніх кампаніяў і сетак з Беларусі», – кажа палітолаг Вадзім Валавы.

Агулам назву зменяць дваццаць пяць рэстаранаў хуткага харчавання ў шасці гарадах Беларусі.

Наста Печанькова, «Белсат»