Лукашэнка збіраецца размясціць мігрантаў у беларускіх санаторыях


Ужо чацверты дзень на польска-беларускай мяжы знаходзіцца намётавы лагер з некалькіх тысяч мігрантаў. Сярод іх паўтысячы дзяцей, цяжарныя жанчыны, сталыя і хворыя людзі.

«Вельмі шмат жанчын цяжарных на 8-м – 9-м месяцы, мы нікуды не падзенемся – яны, напэўна, будуць нараджаць у нас», – такім чынам Аляксандр Лукашэнка заступіўся за цяжарных курдскіх жанчын, якія тэарэтычна могуць перабываць у лагеры мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Ён прапанаваў адправіць дзяцей мігрантаў у беларускія санаторыі, а астатнім нібыта турыстам з Усходу ў стыхійным лагеры на мяжы выдаць дровы: «Яны могуць і шкоды нанесці не мала, таму ў нас хопіць гэтых сухіх дроваў, трэба прывесці туды, няхай яны там распальваюць гэтыя агні, вогнішчы і г. д.».

На загад Лукашэнкі памежная служба дазваляе мігрантам праходзіць у памежную зону без дакументаў, рабіць там фота і відэа, паліць вогнішчы, псаваць памежную інфраструктуру, начаваць, спрабаваць незаконна перайсці мяжу. І гэта яшчэ не поўны спіс дзеянняў, якія забароненыя грамадзянам Беларусі, але чамусьці дазволеныя замежнікам.

Дрэвы і бярвенне мігранты выкарыстоўваюць не толькі для распальвання вогнішчаў – яны іх кідаюць на польскі плот, каб пранікнуць у Еўразвяз. За мінулую ноч 150 мігрантаў спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу пры дапамозе сілы, агулам за апошнія содні польскія памежнікі спынілі больш за 450 спробаў незаконнага мінання мяжы з беларускага боку.

«У ваколіцах Шудзялова адбыўся яшчэ адзін напад мігрантаў на жаўнера. Яго ўдарылі бервяном у грудзі. Ён зрабіў два папераджальныя стрэлы ў паветра. З жаўнерам усё добра. Агрэсіўныя нападнікі адышлі ў бок Беларусі», – напісала Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы ў Твітары.

Раніцаю вялікія натоўпы так званых турыстаў з Усходу былі заўважаныя ў сталіцы ля «Галерэі Менск» і Палацу спорту. Людзі не хаваюць, што таксама накіроўваюцца ў стыхійны лагер на мяжы. На відэа з беларуска-польскай мяжы мігранты нясуць чалавека на насілках. Голас за кадрам паведамляе, нібыта гэты чалавек памёр. Польскі бок ведае пра мінімум 9 смерцяў у лагеры мігрантаў. Маўляў, яны сталі ахвярамі пераахалоджвання.

«Трэба ім падаць заяву, каб атрымаць магчымасць законна пражываць у Еўразвязе. Гэта ўсё. Але яны прыбылі ў Беларусь легальна, яны там як турысты. Гэта немагчыма, каб турысты незаконна перайшлі мяжу і атрымалі гэтую магчымасць», – патлумачыў прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.

Сёння ў лагер мігрантаў прыехалі прадстаўнікі вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у Беларусі, Міжнароднай арганізацыі міграцыі і Беларускага Чырвонага крыжа.

«Сітуацыя катастрафічная, і праз дзень яна будзе яшчэ больш катастрафічнай. Трэба нешта рабіць. Гуманітарную дапамогу мы ўжо пачалі дастаўляць праз Чырвоны крыж», – сказаў прадстаўнік ААН у справах уцекачоў у Беларусі Мулюсэў Мамо.

«У гэтых людзей ёсць права падаць хадайніцтва на статус бежанца ў Рэспубліцы Беларусь ці яшчэ адна альтэрнатыва – гэта добраахвотнае вяртанне на радзіму», – заявіла прадстаўніца міжнароднай арганізацыі міграцыі Махым Аразмухамедава.

За гуманітарную дапамогу ў лагеры мігрантаў ледзь не пачалася бойка.

Тры ночы грамадзяне краінаў Блізкага Усходу жывуць у намётах на беларуска-польскай мяжы. Тэмпература ўначы апускаецца ніжэй за нуль. Цяпер у лагеры больш за 3 тысячы асобаў, у тым ліку 500 дзяцей. Амбасада Іраку ў Расеі заявіла пра намер арганізаваць эвакуацыйныя рэйсы для грамадзянаў краіны, якія захраслі ў Беларусі.

Ірына Карніенка, «Белсат»