«Гэта нішто іншае як помста». Чэмпіёнку свету Аляксандру Раманоўскую аштрафавалі за Пагоню


Чэмпіёнку свету ў лыжным фрыстайле Аляксандру Раманоўскую затрымалі ўвечары 10 лістапада ў Менску пасля трэнавання. А сёння – пакаралі вялізным штрафам за налепку з Пагоняй на аўтамабілі – 2610 рублёў.

Славутая спартоўка правяла ноч у ізалятары.

«Гэта нішто іншае як помста, таму што за налепку на аўтамабілі кідаць на ноч у ІЧУ на Акрэсціна – ну гэта проста нейкі здзек!» – упэўненая праваабаронца Вікторыя Фёдарава.

Пра здзек і абсурд таксама кажа спартовец, былы трэнер гандбольнага клубу «Віцязь» Канстанцін Якаўлеў.

«Калі браць нейкія паралелі і праводзіць з беларусамі, якія выходзілі і выказвалі сваё незадавальненне, і ўзяць гэтых турыстаў, каторыя цяпер прыязджаюць да нас з Усходу, то я б хацеў разумець, чаму тады гэтых людзей не затрымліваюць», – гаворыць Канстанцін Якаўлеў.

Але калі ў краіне, як той казаў, не да закону, то атрымліваецца, што і пытанняў няма, лічыць праваабаронца Павел Левінаў.

«Гэта нагнятанне страху праз вядомых людзей ва ўсім астатнім грамадстве, з аднаго боку. З другога – гэта жаданне прынізіць вядомых людзей і сказаць, што мы цябе зрабілі славутым, мы цябе зробім і нічым».

Сябры Аляксандры Раманоўскай паведамілі, што чэмпіёнка ўжо ўдома і адчувае сябе добра.

Зміцер Казакевіч, «Белсат»