Бомбы супраць санкцыяў – рэха памежнага штурму


Еўразвяз адкажа на арганізаваную Лукашэнкам масавую нелегальную міграцыю – новым пакетам санкцыяў, ужо ў гэты панядзелак. Лукашэнка пагражае Еўразвязу перакрыць газаправод і задзейнічаць расейскія войскі.

Якімі будуць новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, міністры замежных справаў Еўразвязу вызначаць ужо ў найбліжэйшы панядзелак падчас саміту ў Бруселі – паведаміў міністр замежных справаў Нямеччыны Хайка Маас, выступаючы ў Бундэстагу:

«Тыя людзі ды кампаніі, якія актыўна ўдзельнічаюць у гандлі людзьмі, трапяць пад санкцыі незалежна ад іх месцазнаходжання на планеце. Апроч гэтага ёсць і іншыя варыянты, асабліва так званыя сектаральныя санкцыі, якія закранаюць цэлыя галіны эканомікі».

Санкцыі могуць ударыць па авіякампаніях, якія масава перавозяць у Беларусь удзельнікаў нелегальнай міграцыі, у тым ліку па «Турэцкіх авіялініях» і расейскім «Аэрафлоце». Яны свой удзел у трафіку адмаўляюць.

«Інфармацыя аб удзеле ці судзеянні »Аэрафлоту« да масавага перакідвання мігрантаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь не адпавядае рэчаіснасці», – заявіла сёння Юлія Співакова, прэс-сакратар кампаніі «Аэрафлот».

Еўрапейскім фірмам могуць забараніць прапаноўваць абсталяванне і фінансавыя паслугі нацыянальнаму аэрапорту «Менск», а таксама здаваць у арэнду самалёты кампаніі «Белавія».

«Улады Беларусі выкарыстоўваюць мігрантаў як зброю супраць суседніх дзяржаваў. Гэта адбываецца ва ўмовах кепскага надвор’я і без доступу гуманітарных арганізацыяў. Скандальныя паводзіны беларускага рэжыму – гэта не тое, што Еўропа даруе», – заявіў сёння ў Бруселі еўракамісар эканомікі Паўлё Джэнтылёні.

Адказнасць за арганізаваную масавую нелегальную міграцыю Еўразвяз ускладвае на Аляксандра Лукашэнку, а бліжэйшыя да нас суседзі – яшчэ і на Уладзіміра Пуціна, як галоўнага і актыўнага саюзніка Лукашэнкі.

«Раней казалі, што чым больш санкцыяў супраць Беларусі, тым большая яе залежнасць ад Расеі. Але мы дайшлі да пункту, калі наступствы мусяць быць яснымі, таму я мяркую, што важныя эканамічныя сферы кшталту беларускай калійнай прамысловасці мусяць быць пад санкцыямі ўжо цяпер. Большасць Еўразвязу падтрымлівае гэта», – паведаміў дэпутатам Бундэстагу Хайка Маас.

Вашынгтон у каардынацыі з Бруселем таксама рыхтуе новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Але якія, у Белым Доме пакуль не кажуць.

«Санкцыйныя дзеянні – гэта не тое, пра што мы папярэджваем. Але пакуль рэжым адмаўляецца паважаць міжнародныя абавязкі ды пагадненні, пакуль падрывае сваімі дзеяннямі мір і бяспеку ў Еўропе, пакуль працягвае рэпрэсіі і жорсткае абыходжанне з людзьмі, якія хочуць жыць ва ўмовах свабоды, мы працягнем ціснуць на Лукашэнку і ягоны рэжым», – запэўніў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падчас супольнай прэс-канферэнцыі з украінскім міністрам замежных справаў Дмытром Кулебам.

Лукашэнка на нарадзе з міністрамі прыгразіў перакрыць для палякаў і немцаў транзіт грузаў праз Беларусь і пастаўкі газу трубаправодам «Ямал – Еўропа», які належыць Расеі:

«Мы грэем Еўропу, а яны пагражаюць нам, што перакрыюць мяжу. А калі перакрыем прыродны газ туды?».

Лукашэнка заявіў, што ў лагер мігрантаў на беларускай тэрыторыі хтосьці спрабуе перакінуць зброю і боепрыпасы. І загадаў КДБ, Памежнаму камітэту і Узброеным сілам кантраляваць войскі NATO у Польшчы.

У Генштабе ўжо зрабілі рэзкую заяву адносна польскіх суседзяў.

«Засяроджванне 15 тысячаў вайскоўцаў, танкаў, сродкаў паветранай абароны, іншага цяжкага ўзбраення нельга назваць адэкватнай рэакцыяй на мігрантаў ля мяжы. Больш гэта нагадвае стварэнне ўдарных груповак войскаў… Нашым суседзям Узброеныя сілы Беларусі раюць спыніць гістэрыю і агалцелы мілітарызм», – заявіў Алег Воінаў, кіраўнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Узброеных сілаў Беларусі.

І наконт мілітарызму – над Беларуссю ўжо лятаюць расейскія бамбавальнікі, здольныя несці ядравую зброю. Учора гэта былі Ту-22М3, а сёння – расейскія Ту-160, якія адпрацавалі імітацыю бамбавання пад Ружанамі. Лукашэнка паведаміў, што асабіста папрасіў аб палётах стратэгічных ядравых бамбавальнікаў Уладзіміра Пуціна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»