Каліноўцы пракурораў не баяцца


Крымінальная справа супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага. І рэакцыя беларускіх ваяроў – жартам ды ўсмешкай. Следчых Лукашэнкі запрашаюць ва Украіну. Як пакуль самазваны галоўнакамандуючы загадаў праветрыць казармы. У войску ідзе правяранне. Вайсковая тэхніка качуе па беларускай чыгунцы. А іранскія дроны-камікадзэ ляцяць праз мяжу. Ляцяць і ракеты. У паветры галоўнае пытанне – ці Лукашэнка адважыцца на адкрытую вайну?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цытата: «Група грамадзянаў, натхніўшыся ідэямі нацыяналізму і паводле шаблонаў шавінісцкай ідэалогіі ўзброеных груповак суседняй краіны скааперавалася і стварыла экстрэмісцкае фармаванне Полк імя Кастуся Каліноўскага». Так Следчы Камітэт паведаміў аб крымінальнай справе супраць беларускіх добраахвотнікаў, якія афіцыйна, з усімі дакументамі ваююць на баку Збройных сілаў Украіны. Якая суседняя краіна – не ўдакладняецца.

«Суседзі выкарыстоўваюць нібыта нацыянальныя падраздзяленні. Па сутнасці гэта незаконныя ўзброеныя фармаванні з сапраўднымі галаварэзамі. Хаця яны добра падрыхтаваныя, не варта мець ілюзіяў. Гэта нашыя беглыя, гэта тыя афіцэры і салдаты, якія служылі ў сілавых блоках. З іх робяць «патэнцыйных герояў». Гэта не героі. Гэта здраднікі і злачынцы», – заявіў сакратар Савету бяспекі Лукашэнкі Аляксандр Вальфовіч.

З гэтымі заявамі вярхоўныя сілавікі Лукашэнкі цяпер ездзяць па беларускіх заводах і праводзяць агітацыю. Заява Вальфовіча прагучала падчас палітінфармацыі на Менскім заводзе колавых цягачоў. Там жа старшыня КДБ Іван Церцель паведаміў рабочым, што разлічвае на пераломны момант у дзеяннях Расеі ва Украіне пасля абвяшчэння пуцінскай мабілізацыі.

Але Полк імя Кастуся Каліноўскага ў складзе Збройных Сілаў Украіны цалкам заняты вызваленнем украінскіх тэрыторыяў. Таму не да церцеляў.

«Няма ні часу, ні жадання, ні цікавасці да псеўда-навінаў, якія наштампавала псеўда-ўлада з іх паплечнікамі», – заявіў «Белсату» Дзяніс «Кіт». І дадаў, што калі пракуроры хочуць правесці следчыя дзеянні адносна байцоў, то хай прыязджаюць ва Украіну.

Сёння ж Полк апублікаваў відэа з трафейнай гарматай, з подпісам «маем з чым ісці на сустрэчу».

«Паколькі праца нашая далёка не скончаная, мы набіраем байцоў. Нам патрэбныя ўвогуле ўсе, але ёсць некаторыя спецыяльнасці, як парамедыкі, якім мы больш былі б рады. Таксама нам патрэбныя прафесійныя кіроўцы – на фронце гэта на вагу золата», – распавёў Дзяніс «Кіт».

Сёння ж у Ельску Гомельскай вобласці Міністэрства ўнутраных справаў вучылася адбівацца ад дыверсійна-выведных групаў і незаконных узброеных фармаванняў. Колеравы код – жоўты скотч на правым плячы – адпавядае аднаму з колеравых кодаў Збройных сілаў Украіны.

Канешне ж, падчас вучэнняў міліцэйскі спецназ паспяхова адбіў атаку праціўніка.

Сёння ж распачалася комплексная праверка Узброеных сілаў Лукашэнкі. Вайсковыя часткі і падраздзяленні адпрацоўваюць прывядзенне ў баявую гатовасць, маршы, разгортванне ў прызначаных раёнах і выкананне вучэбна-баявых задачаў.

«Не правакуйце нас – мы з вамі ваяваць не збіраемся. Ні з літоўцамі, ні з палякамі, ні тым больш з украінцамі мы ваяваць не хочам. Калі і вы не хочаце і не будзеце здзяйсняць няправільныя крокі, то вайны не будзе», – заявіў напярэдадні міністр абароны Лукашэнкі Віктар Хрэнін.

Як заявіў сёння Хрэнін, Рэгіянальная групоўка войскаў Расеі і Беларусі, якую загадаў разгарнуць Лукашэнка, будзе выконваць выключна абарончыя задачы. Але ва Украіне Хрэніну не вераць, бо менавіта гэты лукашэнкаўскі міністр даваў слова афіцэра ўкраінскаму міністру абароны Алегу Рэзнікаву, што з тэрыторыі Беларусі нападу не будзе – якраз перад наступам расейскіх войскаў у Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласць.

Як тлумачаць эксперты, трэба сачыць не за словамі, а за дзеяннямі сілавікоў Лукашэнкі. Тады будзе ясна, ці рыхтуецца новы напад на поўнач Украіны.

«Такая верагоднасць ёсць, але на гэты момант не назіраецца прыкметаў, што Лукашэнка пачне сухапутную вайсковую аперацыю. Не ствараецца ўдарных груповак, усё ідзе, як і некалькі месяцаў таму. Войскі скіраваныя на мяжу – асобныя падраздзяленні – якія вядуць ахову мяжы і выведку. На гэтым усё», – патлумачыў «Белсату» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў.

Тым часам на поўначы Украіны Збройныя сілы праводзяць свае вучэнні. Гэта адказ на заявы Лукашэнкі, што ўкраінцы нібыта рыхтуюць напад на яго, і што ў Беларусь прыедуць тысячы расейскіх вайскоўцаў.

«Небяспека ёсць, бо Рэспубліка Беларусь – гэта саюзнік Расейскай Федэрацыі ў агрэсіі супраць Украіны. Таму мы ацэньваем увесь спектр пагрозаў», – падкрэсліў камандуючы Абʼяднанага аператыўнага штабу ЗСУ Сяргей Наеў.

Сёння ж прэзідэнт Украіны на онлайн-паседжанні краінаў Вялікай Сямёркі прапанаваў размясціць на памежжы з Беларуссю міжнародных назіральнікаў, каб зняць усе абвінавачанні ў падрыхтоўцы ўкраінскага наступу. Уладзімір Зяленскі прапанаваў распрацаваць фармат місіі пры дапамозе ўкраінскіх дыпламатаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»