Як рэжым спрабуе падмануць Інтэрпол


Механізмы Інтэрполу беларускія ўлады выкарыстоўваюць, каб дастаць з-за мяжы тых, каго на радзіме пераследуюць з палітычных матываў. Схема простая: на ахвяру заводзіцца крымінальная справа паводле артыкулу, які трапляе пад механізмы Інтэрполу. Гэткім чынам рэжым абыходзіць прынцып палітычнага нейтралітэту міжнароднай арганізацыі. Як гэта зрабіць – уладам тлумачыць працаўнік Інтэрполу ў Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў.

Гэтак было з Макарыем Малахоўскім, якога затрымалі ў польскім горадзе Пясэчна. Менш чым за содні яго ўдалося вызваліць. Пры гэтым палітычны матыў дзеянняў беларускага боку Варшава прызнала практычна адразу. Нягледзячы на гэта, цяпер Макарый вымушаны папярэджваць мясцовую пракуратуру пра свае перасоўванні.

«Я думаю, што зусім праігнараваць запыт Інтэрпол не можа. У любым выпадку ён таксама яго прымае. У Інтэрполу ёсць свая ўнутраная працэдура, усталяваная міжнародным пагадненнем», – лічыць адвакат Андрэй Мачалаў.

Што рабіць у выпадку, калі запыт праігнараваць немагчыма?

«Гэта прыпыненне сяброўства Беларусі як краіны ў Міжнароднай арганізацыі паліцыі Інтэрпол. Гэтая працэдура вырашаецца на Генеральнай асамблеі Інтэрполу, у якой бяруць удзел усе краіны – чальцы арганізацыі. І гэты працэс, я паўтаруся, працаёмкі, складаны, доўгі», – лічыць прадстаўнік «ByPol» Алег Талерчык.

Прыпыненне сяброўства, а значыць і магчымасці карыстацца базамі Інтэрполу – тое, чаго цяпер і дамагаецца «ByPol». Зусім выключаць Беларусь з арганізацыі нерацыянальна, кажа Алег Талерчык. Гэта доўгая працэдура, рэжым падзе раней, упэўнены ён.

«Усё ж такі, ведаеце, палітычны пераслед, калі браць усю статыстыку, гэта вельмі вялікі адсотак ад агульнай колькасці той працы, якую ён праводзіць і паводле якіх запытаў Беларусь звяртаецца да Інтэрполу», – кажа Андрэй Мачалаў.

Адна з першых спробаў Менску выкарыстаць механізмы Інтэрполу для палітычнага пераследу – абвяшчэнне ў вышук Святланы Ціханоўскай і ейнай паплечніцы Вольгі Кавальковай. Тады Літва катэгарычна адмовілася выдаваць жанчын. Андрэй Мачалаў мяркуе, што пасля гэтага кожны запыт у Інтэрпол з боку Беларусі будуць разглядаць з асаблівай увагай.

Надзея Бельская, «Белсат»