Лукашэнку – пад трыбунал!


«У сітуацыі, калі 200 чалавек могуць арыштаваць і прыцягнуць да адказнасці толькі за тое, што яны напісалі сваю думку ў інтэрнэце, як гэта адбылося тыдзень таму; ці калі мы чуем гісторыі пра бесчалавечнае стаўленне да палітычных зняволеных, мы павінны зрабіць усё магчымае для аднаўлення вяршэнства закону ў Беларусі», – падкрэсліла ў прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі ў Нюрнбэрзе Святлана Ціханоўская. І калі для ахвяраў рэжыму аднаўленне вяршэнства закону азначае спыненне катаванняў, то для іхных катаў – асуджэнне і пакаранне.

Лукашэнку і ягоных памагатых – пад трыбунал! У вядомым на ўвесь свет Нюрнбэрзе праходзіць міжнародная канферэнцыя аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці. І пакуль у самой Беларусі «иногда не до законов», удзельнікі прадстаўнічай падзеі ў Нямеччыне распрацоўваюць механізм прыцягнення цяперашніх катаў беларускага народу да адказнасці якраз-такі паводле закону.

«Мы апрацуем дэкларацыю, мы апрацуем галоўныя падыходы юрыдычнага ціску на рэжым. Гэта вельмі важна – зразумець, што такое ўніверсальная крымінальная юрысдыкцыя, як яна працуе, якія яна дала вынікі, якім чынам кваліфікаваць гэтыя злачынствы – як акт тэрарызму. Дарэчы, тое, што адбылося з самалётам «Ryanair», – гэта таксама кваліфікуецца як акт тэрарызму», – тлумачыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

І гэта далёка не самае вострае акрэсленне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, дадае польскі адвакат і эксперт ва ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі Томаш Віліньскі. Пры гэтым, падкрэслівае эксперт, мы маем справу не з паасобнымі парушэннямі правоў і свабодаў грамадзянаў, а менавіта са злачынствамі на рэгулярнай аснове, што дазваляе разглядаць іх як адно цэлае. Не былі забытыя і злачынствы Лукашэнкі, здзейсненыя ў папярэднія гады, у тым ліку выкраданні і забойствы палітычных апанентаў.

«Мы маем дачыненне з пагрозамі, прычыненнем людзям асаблівых пакутаў, з давядзеннем да самазабойстваў, з захопам самалёта, што ў часе канферэнцыі было агучана. Таксама ў закулісных размовах мы наўпрост гаворым пра магчымасць ужывання Канвенцыі, датычнай перадухілення і карання генацыду», – кажа Віліньскі.

Дарэчы, менавіта Польшча першая ў Еўразвязе распачала крымінальную справу па факце злачынстваў у Беларусі пасля леташніх выбараў. Таксама падобныя працэсы сёння вядуць Літва і Нямеччына. Сведчанні ад ахвяраў рэжыму Лукашэнкі прагучалі і сёння перад удзельнікамі канферэнцыі.

«Нас паклалі тварам у падлогу. Збівалі. Звязалі рукі за спінаю. Вадзілі ў калідор і там яшчэ збівалі. Я слухаў розныя словы адносна таго, што я паляк і што прыехаў у Беларусь, каб арганізаваць нейкую каляровую рэвалюцыю», – узгадвае польскі журналіст Кацпэр Сеніцкі.

«Гэта вельмі траўматычныя ўспаміны. І я лічу, што я ўжо дастаткова пра гэта ўзгадвала, каб яшчэ раз пра гэта размаўляць. Таму кожны, хто хоча, можа зайсці на сайт «Жнівень 2020» і паглядзець, пачытаць кожную гісторыю таго, што адбывалася, якія катаванні там былі і як мы здолелі ўсё-ткі выжыць», – з цяжкасцю на сэрцы тлумачыць катаваная сілавікамі Лукашэнкі медык Вольга Паўлава.

Асудзіць жа і пакараць злачынны рэжым Лукашэнкі, а таксама персанальна дыктатара і ягоных памагатых мае адмысловы міжнародны крымінальны трыбунал. Стварэнню гэткага трыбуналу і мае паспрыяць цяперашняя канферэнцыя.

«Усе тыя, хто здзейсніў злачынствы раней, робіць гэта сёння, павінны зразумець, што яны будуць прыцягнутыя да справядлівай, законнай адказнасці ў межах міжнароднага правасуддзя – калі гэта раней не наступіць у межах беларускага заканадаўства», – кажа Павел Латушка.

І адказнасць – рана ці позна – абавязкова надыдзе, упэўненыя ўдзельнікі канферэнцыі. Як надышла, да прыкладу, у дачыненні ідэйных папярэднікаў рэжыму Лукашэнкі, якіх асудзілі – таксама ў Нюрнбэрзе – за злачынствы супраць чалавечнасці. Амаль 76 гадоў таму.

Валера Руселік, «Белсат»