Мара Фэст грыміць у Сопаце... А ў вас якая мара?


Мара быць сабою, захаваць сваю культуру і самабытнасць. Мірна жыць… Польскі Сопат, горад ля Балтыйскага мора – сёння дыхае беларускасцю. Дабрачынны «Мара Фэст» прымае гасцей – у гонар Украіны! Словы падтрымкі, падмацаваныя талентамі, прыгожымі галасамі і мілагучнай музыкай… ня ведаюць межаў і трапляюць у самае сэрца!

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Натоўпы людзей, «свая» да косці музыка і адчуванне еднасці. «Мара Фэст» у польскім Сопаце сабраў беларусаў, якія супольна прамаўляюць «мы супраць вайны ва Украіне!»

Музычны фестываль свабодных беларусаў, якія падтрымліваюць народ Украіны, арганізаваны Асацыяцыяй беларусаў Памор’я і заяўлены, як найбуйнейшы сёлета беларускі фэст. Гонар весці імпрэзу выпаў дуэту Дзянісу Дудзінскаму і Кацярыне Раецкай, якія кажуць па чарзе:

«Як казаў Арэстовіч, за тры тыдні мы зможам ужо аказацца ў вольнай Беларусі… І таксама, у прыгожай вольнай Украіне. І мне падаецца, гэты фэст – добры шанец спрабаваць размаўляць па-беларуску».

Гонар адкрыць фестываль далі горача любімым публіцы Купалаўцам, якія ўпершыню выступілі «жыўцом» з праграмаю, якая год таму паўстала ў запісе. Няхай не радзіме, але для беларусаў і для ўкраінцаў, многія з якіх па вядомых нам прычынах не могуць цяпер вярнуцца дамоў. Сярод творцаў у праграме – Зміцер Вайцюшкевіч, JACK QUIZ, NAVIBAND і NIZKIZ, калі казаць пра музычных выканаўцаў…

«Людзі ўклалі ў гэта шмат намаганняў. Я хачу падкрэсліць што ўся каманда арганізатараў працавала бясплатна. Усе валанцёры, якія тут правяраюць квіткі і нешта іншае робяць, працуюць у грымёрках таксама бясплатна. Гэта дабрачынны фестываль», распавяла суарганізатарка фэсту Ірына Шумская.

Сродкі ад продажу квіткоў будуць накіраваныя ў Кіеў – Міжнароднаму фонду медычных інавацыяў. Продаж квіткоў стартаваў 23-га жніўня, але прадаць удалося больш за 700 квіткоў. Адметнасць для беларусаў, паводле валанцёркі Надзеі Маляўкі, такая:

«Галоўны арганізатар – гэта Асацыяцыя беларусаў Паморʼя. Таксама нас вельмі падтрымлівала Адміністрацыя гораду Сопат. Увогуле трэба сказаць, што гэтая адміністрацыя ўвесь час падтрымлівае беларусаў, увесь час існавання нашых ініцыятываў».

Таму не дзіва, што ганаровым госцем «Мара фэсту» стаў Яцэк Карноўскі – прэзідэнт гораду Сопат, палітык, які падтрымлівае беларускую вольную супольнасць і дапамагае народу Украіны з першых дзён вайны.

«Я памятаю як быў студэнтам і мы змагаліся за вольнасць Польшчы, і гэтае змаганне падавалася безнадзейным. Будзем шчырымі і прызнаем, што ўкраінцы змагаюцца цяпер за нас. Гэта наш абавязак і нашая адказнасць дапамагаць медыкаментамі Украіне і прымаць уцекачоў», – распавёў «Белсату» прэзідэнт Сопату Яцэк Карноўскі.

Праграма фестывалю была неабсяжная: і Мова нанова, і майстар-класы па пляценні вянкоў, і пляценне косак для дзяцей і дарослых, ёга і правільнае дыханне, і касмічныя майстар-класы. «Мара фэст» удаўся і ў наступным годзе – магчыма, паўторыцца. Адзіная мара ўсіх прысутных, каб нагодаю сустрэцца была не вайна, а перамога.

Юлія Цяльпук, «Белсат»