Дзень народзінаў у выгнанні


Сёння Святлане Ціханоўскай спаўняецца 39 гадоў. Гэта другі дзень народзінаў, які пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў яна сустракае не дома.

«Насамрэч, самае вялікае, чаго я чакаю цяпер, гэта віншаванне ад мужа. Ліста не атрымала, але ўпэўненая, што ён яго адпраўляў. А ад людзей, якія мне за гэты год сталі блізкімі, іх мільёны беларусаў, я атрымліваю віншаванні – і ўсім дзякую», – распавядае Святлана Ціханоўская.

Сяргей Ціханоўскі выйсце ўсё ж такі знайшоў і павіншаваў жонку з-за кратаў, праз адвакатку.

«Сяргей Ціханоўскі павіншаваў сваю жонку з народзінамі. На выпадак, калі ліст не дойдзе (і нават калі дойдзе), прасіў сказаць, што больш шчырага і сумленнага чалавека, чым Святлана, ён ніколі ў жыцці не сустракаў«, – запосціла ў сваім Twitter Наталля Мацкевіч.

Грандыёзна, кажа Святлана Ціханоўская, ейных народзінаў не адзначалі. А цяпер для гэтага і пагатоў ня той час.

«Я хачу дадому, да мужа, і жыць спакойным жыццём. Але, на жаль, гэтак пакуль што не атрымалася. І я раблю ўсё магчымае, каб разам з беларусамі хутчэй гэтага дасягнуць», – кажа Святлана Ціханоўская.

Дзеці сумуюць па тату, блізкіх і сябрах гэтак жа, як і Святлана. У Літву яны з’ехалі летась у жніўні. З тых часоў Святлана ня толькі маці і жонка, але і прадстаўніца дэмакратычнае Беларусі.

Надзея Бельская, «Белсат»