Дваццаць гадоў з дня тэракту, які ўскалыхнуў свет


11 верасня 2001 года назаўжды застанецца ў памяці людзей як дзень найбуйнейшага тэрарыстычнага акту ў свеце. Раніцай гэтага дня ў аэрапортах Бостану, Вашынгтону і Сан-Францыска група баевікоў тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» захапіла чатыры самалёты разам з чальцамі экіпажаў і пасажырамі. Два з іх, рэйсы 11 і 175, скіравалі ў бок Нью-Ёрку, дзе яны пратаранілі вежы Сусветнага гандлёвага цэнтру.

«Я выйшаў з цягніка, паехаў на эскалатары і, пакуль эскалатар ідзе, там у той час былі маленькія ўстановы для продажу абаранкаў, бутэрбродаў. Такое адчуванне гары, быццам бы спалілі бутэрброд нейкі. Даволі доўга не выходзіў з будынку, я зусім не разумеў, што адбываецца. А пасля нарэшце выйшаў і пабачыў: на 70-м паверсе – лінія агню», – узгадвае Вадзім Арэф’еў, сведка тых падзеяў.

У вежах пачынаецца пажар, які адразае магчымасці пакінуць верхнія паверхі. Многіх людзей ахоплівае паніка і яны пачынаюць наўпрост выскокваць з вокнаў. У гэты самы час трэці самалёт, рэйс 77, тараніць заходняе крыло будынку Пэнтагону. Праз 56 хвілінаў пасля ўдару самалёта ў Паўднёвую вежу яе перакрыцці й сцены не вытрымліваюць.

Пошукі ацалелых у завалах не прыпыняюцца да наступнага дня, удзел у іх прымаюць больш за дзевяць тысячаў пажарнікаў і добраахвотнікі.

«Амерыка ўся ўстала, мы гэта адчувалі. І прыватныя караблі, якія кінуліся эвакуяваць усіх. Неймаверная колькасць валанцёраў проста: «Што рабіць? Што рабіць?». Людзі арганізоўваліся неяк», – узгадвае Вадзім Арэфʼеў.

Пра тое, што дачыненне да нападу можа мець Усама бін Ладэн, амерыканскія медыі заявілі практычна адразу. Пазней адказнасць за тэрарыстычны акт сапраўды ўзяла на сябе «Аль-Каіда». У адказ на гэта 7 кастрычніка 2001 года Злучаныя штаты ўвялі войскі ў Афганістан для барацьбы з рухам «Талібан» і групоўкай «Аль-Каіда». Зліквідаваць лідара тэрарыстычнай арганізацыі Усаму бін Ладэна атрымалася ў траўні 2011 года ў Пакістане. Пры правядзенні аперацыі «Дзіда Няптуна» яго забіў атрад спецназу вайскова-марскіх сілаў ЗША.

«Мы звязаліся з лідарамі Кангрэсу і сусветнымі лідарамі, каб запэўніць іх, што мы зробім усё неабходнае, каб абараніць Амерыку і амерыканцаў», – заявіў Джордж Буш-малодшы, 41-ы прэзідэнт ЗША, напярэдадні ўводу войскаў.

Агулам у тэракце загінулі дзве тысячы дзевяцьсот семдзесят сем чалавек, 24 лічацца зніклымі б(я)з вестак. У памяць пра ахвяры 11 верасня цяпер – Агульнанацыянальны дзень служэння і памяці. На месцы ж вежаў Сусветнага гандлёвага цэнтру і ля Пэнтагону ўсталявалі мемарыялы, да якіх людзі прыносяць кветкі ў гэты дзень.

Марыля Дакуцька, «Белсат»