Яўген Лівянт: «У ВНУ прыйшло вельмі шмат студэнтаў, якія не ў стане засвоіць праграму нават першага курсу»


Другі год запар праваленая ўступная кампанія ў беларускія ВНУ. Гэтак аўтарытэтны педагог Яўген Лівянт падсумаваў сёлетні набор абітурыентаў. У вышэйшыя навучальныя ўстановы прынялі практычна ўсіх ахвочых і яшчэ засталіся месцы. Бо па большасці спецыяльнасцяў у ВНУ не было ці амаль не было конкурсу. Ці дэфіцыт студэнтаў створыць дэфіцыт якасных спецыялістаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паміж дзяржаўнай, прыватнай і замежнай адукацыяй варта абраць якасную. Але права навучацца ва ўніверсітэце – трэба заслужыць. Сёлета залічаны ў ВНУ абітурыент меў у сярэднім 250 балаў з 400. Кажучы па-старому – гэта «троечнік», напісаў у Фэйсбуку вядомы педагог і рэпетытар Яўген Лівянт.

«Усё гэта азначае, што ў ВНУ прыйшло вельмі шмат студэнтаў, якія не ў стане засвоіць праграму нават першага курсу. Значыць, або іх адлічаць, або яны адлічацца самі, або іх будуць да апошняга цягнуць за вушы, каб ВНУ не засталіся без студэнтаў, а значыць, без фінансавання і выкладчыкаў», – напісаў выкладчык.

Гэтак трэба разумець навіну Мінадукацыі пра амаль стоадсоткавае выкананне планаў прыёму беларускімі ВНУ. Праблема тут у дэмаграфіі, у адтоку абітурыентаў у суседнія Расею, Польшчу і Літву. Але таксама ў зніжэнні якасці шэрагу прафесіяў, якія на выхадзе атрымае эканоміка.

«Гэта будзе ствараць праблемы, бо каштоўных спецыялістаў не будзе паводле двух прычынаў адначасова. То бок няма добра адукаваных спецыялістаў і іх проста мала ў цэлым. Гэта вялікая перашкода для эканамічнага росту, таму што зазвычай менавіта маладыя работнікі прыносяць нейкія свежыя ідэі», – лічыць акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова.

Кацярына адзначыла, што конкурс набораў у «стратэгічных» галінах, як медыцына і IT, яшчэ дастаткова высокі, але таксама апускаецца.

Прыкладна на тысячу штомесяц расце колькасць вакансіяў на рынку працы. На пачатку траўня дэфіцыт кадраў складаў 93 тыс рабочых, на пачатку ліпеня – 95 тыс, а цяпер працадаўцы шукаюць без малога 96 тыс асобаў. Ад медыкаў да рабочых у прамысловым сектары. Ці гатовыя годна плаціць?

«Чарка і скварка. Цяперашні рэжым не можа забяспечыць нават гэтага. У людзей вялізныя крэдыты. Цяперашніх заробкаў не хапае нават на базавыя патрэбы. А шматлікія людзі ў 2020 годзе прыкрываліся менавіта гэтым. Цяпер і гэты фактар знікае», – кажа былы працаўнік «Нафтану» Аляксандр Салаўёў.

Незалежныя прафсаюзы – знішчаныя. А дзяржаўныя прызнаюць, што ў адносінах паміж працаўнікамі і наймальнікамі – перакос, які вядзе да гібелі рабочых. Інспектар працы дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі заявіў, што арганізацыі заплюшчваюць вочы на невыкананне рабочымі тэхнікі бяспекі.

«Нашаму АПК не хапае каля пяці тысячаў работнікаў. Іх даводзіцца браць недзе збоку. Мы ведаем прадпрыемствы, дзе камбайнамі замест механізатараў даводзіцца кіраваць інжынерам. З-за кадравага голаду прадпрыемствы мусяць часам заплюшчваць вочы на ахову працы», – канстатаваў Павел Манько.

У выніку – у гэтым сезоне ўжо 57 выпадкаў цяжкага траўматызму і 13 – сконаў. Не гледзячы на рызыкі, міграцыя кадраў з АПК – не такая высокая, як сярод медыкаў, цырульнікаў, кухараў і айцішнікаў.

Збольшага застаюцца і намагаюцца адаптавацца да горшых эканамічных умоваў і прадпрымальнікі – сярэднія і буйныя, кажа суразмоўца Студыі Белсат Аляксандр Кныровіч:

«За ім не толькі ягоная сям’я і асабістая экспертнасць, ягоная прафесія. Але яшчэ і актывы, і калектыў. Яго трымае значна больш нітачак у Беларусі. Таму беларускі прадпрымальнік сёння існуе».

А гэта асобы, якія ствараюць прадукт, даюць працоўныя месцы і плоцяць падаткі. Хоць чыноўнікі праз дзяржаўныя СМІ ўжо анансавалі рост падаткаў калі не налета, то ў 2024-ым годзе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»