Латвія заклікала не выдаваць візы беларусам


Сейм Латвіі заклікаў краіны Еўрапейскага Звязу неадкладна прыпыніць дзеянне турыстычных візаў і абмежаваць выдачу ўязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі і Расеі. «ЗА» прагаласавалі 67 дэпутатаў са ста.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У заяве, якую Сейм Латвіі зацвердзіў 11-га жніўня, Расеі прыгадалі ўсе яе грахі апошніх гадоў. Старшыня камісіі Сейму ў замежных справах Рыхардс Колс быў пераканаўчы:

«Шмат гадоў Расея падтрымлівала і фінансавала тэрарыстычныя рэжымы і арганізацыі рознымі спосабамі – наўпрост і ўскосна. Прыклады гэтага: найбуйнейшы пастаўнік зброі рэжыму Асада ў Сірыі, атручванне сям’і Скрыпалёў або збіты самалёт МН-17».

Што наконт гэтага думаюць у новым аб’яднаным Пераходным кабінеце, мы спыталі ў прадстаўніка ў міжнародных справах, намесніка кіраўніка Кабінету Валерыя Кавалеўскага:

«На наш пункт гледжання гэта абмяжуе правы беларусаў. Гэта ізалюе фактычна беларусаў ад еўрапейскай цывілізацыі, ад той сям’і да якой належыць беларускі народ. І гэта таксама фактычна перакладае адказнасць за тыя агрэсіўныя паводзіны якія паказвае Аляксандр Лукашэнка ў гэтай вайне, з яго рэжыму на беларускі народ».

Разам з прапановай забараніць выдаваць візы беларусам і расейцам, Сейм Латвіі прызнаў Расею дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм. Літаральна адразу ж сайт латвійскага парламенту перастаў адкрывацца. Як мяркуецца, гэта звязана з DDoS-нападам. Рашэнне Латвіі пракаментавала афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава ў сваім Telegram-канале:

«Сейм Латвіі абвясціў Расею краінай-спонсарам тэрарызму. Навіна? Не. Ужо каментавалі. Улічваючы, што ніякай фактуры, акрамя жывёльнай ксенафобіі, пад гэтым рашэннем няма, так і называць ідэолагаў трэба няйначай як неанацысты».

Беларуская журналістка Наста Захарэвіч, якая вымушана жыве цяпер у Латвіі, лічыць, што ўсе краіны Еўразвязу не змогуць забараніць уезд беларусам:

«Латвія з самага пачатку вайны заклікала краіны закрыць неба над Украінай. Латвія робіць шмат розных заяваў, якія не да чаго не прыводзяць. У некаторых момантах – на жаль, у нейкіх момантах – на шчасце. Так што я думаю, што ўсе краіны не стануць пераставаць выдаваць візы. Сама Латвія цяпер выдае візы грамадзянам Беларусі толькі ў пэўных умовах. Праўда не выдаюцца турыстычныя візы».

Дэпутатка Сейму Латвіі Інэсе Войка заявіла, што размова ідзе толькі аб турыстычных візах і рашэнне парламента не датычыцца гуманітарных візаў.

Пакуль не вядома, як сітуацыя будзе складвацца ў дачыненні беларусаў, а вось ідэю агульнай забароны на ўезд у Еўразвяз для расейцаў не падтрымаў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц:

«Гэта вайна Пуціна. І таму мне цяжка пагадзіцца з гэтай ідэяй. Такая забарона аслабіла б эфектыўнасць санкцый, калі б яны былі накіраваныя супраць усіх, у тым ліку невінаватых».

А вось у Эстоніі прапанову Латвіі падтрымліваюць. Там з 18-га жніўня набудзе моц забарона на ўезд расейцам з шэнгенскімі візамі, выдадзенымі гэтай краінай. Пры гэтым будзе абмяркоўвацца магчымасць забараніць уезд для расейцаў з любымі шэнгенскімі візамі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»