Як бяспечна застацца з «Белсатам»


Першы выпадак пакарання за распаўсюд матэрыялаў «Белсату» адбыўся ў Магілёве. Суддзя Вікторыя Палякова адправіла экскурсавода Алега Дз’ячкова на 15 содняў арышту за дзве старыя спасылкі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Гэта стала магчымым пасля прызнання «Белсату» і ўсіх яго сацсетак, а таксама лагатыпу і нават слова «Белсат» экстрэмісцкімі.

«За распаўсюд прадугледжваецца адказнасць артыкулам 19.11 КаАП. І паводле другой часткі артыкулу за распаўсюд матэрыялаў, якія ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі, сапраўды, да 15 содняў», – нагадвае юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Таксама гэты артыкул за распаўсюд або выраб ці выданне экстрэмісцкай інфармацыі прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 30 базавых або грамадскія працы. Пакаранне можа быць з канфіскацыяй прадмета правапарушэння – напрыклад, камп’ютара або тэлефона, ці без канфіскацыі. На рашэнне суда.

«Самае галоўнае, што трэба адзначыць, што пакаранне можна атрымаць за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі, а за падпіску на нашыя акаўнты і групы такой адказнасці, пакуль што прынамсі, няма», – лічыць упаўнаважаная ў развіцці інтэрактыўных медыяў Вольга Швед.

Рэдакцыя просіць заставацца разам з «Белсатам» праз сацыяльныя сеткі, мабільную праграму або сайт ці спадарожнік. Гэта ўсё яшчэ бяспечна. Але з вялікім жалем раіць пакуль не распаўсюджваць матэрыялаў тэлеканалу. І выдаліць нават старыя рэпосты.

«Не важна, калі спасылка на такога кшталту паведамлення была зроблена ў сацсетцы, гэта ўсё злачынства, якое працягваецца, ток бок можна знайсці за 10 гадоў назад, за 15 гадоў назад, і гэта будзе ўсё роўна лічыцца парушэннем закону, і чалавека могуць прыцягнуць да адказнасці», – папярэджвае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Міліцыя перадусім глядзіць на крыніцу інфармацыі, а не на яе змест. Такі падыход, на думку Алега Агеева, супярэчыць міжнародным нормам заканадаўства: «Па-першае, павінен улічвацца кантэнт. Калі гэта кантэнт пра коцікаў, а чалавек атрымлівае 15 содняў адміністратыўнага арышту, гэта ні ў якім разе не адпавядае тым стандартам свабоды выказвання і права на распаўсюд інфармацыі, якія ёсць у міжнародным праве».

З такімі законамі цяжка знайсці тых, хто ніколі не распаўсюджваў экстрэмісцкага кантэнту. Нават дзяржаўныя СМІ і чыноўнікі спасылаліся на «Белсат». Урыўкі праграмаў тэлеканалу не аднойчы паказвала Белтэлерадыёкампанія, запіс эфіру часта публікуюць тэлеграм-каналы праўладных прапагандыстаў, у акаўнце старшыні Беларускага саюзу журналістаў Андрэя Крывашэева таксама ёсць прызнаная экстрэмісцкай назва «Белсат». Гэты спіс можна працягваць доўга…

Скрыншот Андрей Кривошеев / Facebook

Ці атрымаюць яны свае 15 содняў арышту за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў?

«Традыцыйная сітуацыя для неправавой дзяржавы, калі для адных ёсць закон, для другіх няма закону. Ёсць такая максіма, якую сказаў адзін з дыктатараў: сябрам – усё, ворагам – закон. Ну дык вось зараз іншадумцы атрымліваюць закон, а для іншых – усё што хочаце», – мяркуе Паўлюк Быкоўскі.

На думку медыяэксперта, працэс знішчэння адных медыяў і ўскладнення працы іншых яшчэ не завершаны. 13 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску працягнецца разгляд справы аб прызнанні экстрэмісткай усёй прадукцыі парталу «Тут.бай». А што да «Белсату», канал зазнае пераслед цягам усёй сваёй працы.

«Мы не будзем мяняць ні назвы, ні лагатыпу, бо гэта барацьба з млынамі. Ужо не першы раз нашая назва забароненая, мы памятаем, што быў цэлы судовы працэс, дзе назва «Белсат» была забаронена на тэрыторыі Беларусі», – нагадвае Вольга Швед.

Нягледзячы на моцны ціск з боку дзяржавы «Белсат» працягне працаваць, каб даносіць да беларусаў праўдзівую інфармацыю.

Ірына Карніенка, Белсат