Рэпрэсіі не спыняюцца: 2,5 года калоніі для Аляксея Кудзіна


Падчас агучвання выраку ўсміхаўся і не быў здзіўлены вынікам суда. Двума з паловаю гадамі калоніі пакараў маладзечанскі суд Аляксея Кудзіна, хоць той яшчэ летась цалкам выплаціў кампенсацыю пацярпелым міліцыянтам. Інцыдэнт, за які судзілі спартоўца, адбыўся яшчэ да таго, як Крымінальны кодэкс зрабілі больш жорсткім. Толькі таму тэрмін, якога патрабаваў пракурор, зменшыўся на год.

«Інцыдэнт адбыўся ў 2020 годзе, то максімум – да 5 гадоў. І калі маеш хоць якія змякчальныя акалічнасці, напрыклад, замірэнне бакоў ці раней не быў пад судом, то даюць палову тэрміну. І палова тэрміну адпавядае сённяшняму прысуду – два з паловай года», – тлумачыць жонка спартоўца Таццяна Пархімовіч.

Аляксей Кудзін удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях у Маладзечне, падчас якіх адбыліся сутыкненні з сілавікамі. Пры затрыманні быў траўмаваны, пра што сведчаць апублікаваныя кіберпартызанамі дакументы. За супраціў працаўніку органаў унутраных справаў на спартоўца завялі крымінальную справу, тады Кудзін уцёк з краіны. Затрымалі яго ў Расеі ды на запыт Генпракуратуры экстрадавалі ў Беларусь, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда правоў чалавека. Адвакат спартоўца цягам дзесяці дзён мае падаць апеляцыю, кажа Таццяна Пархімовіч:

«Адвакат палічыць, колькі трэба адняць, бо і хатні арышт маюць адняць, і тое, што сядзеў у жніўні ў Жодзіне, і зняволенне ў Расейскай Федэрацыі таксама маюць адняць… Колькі там атрымаецца… Хаця я не веру, што ён будзе сядзець увесь гэты тэрмін. Не веру, не хачу верыць, ведаю, што не будзе».

Тым часам з Расеі могуць экстрадаваць яшчэ аднаго беларускага спартоўца, фігуранта крымінальнай справы за супраціў міліцыі – Яўгена Шабалюка. Суд аб экстрадыцыі адбыўся ў Маскве.

У Менску працягваецца судовы працэс над Марыяй Калеснікавай ды Максімам Знакам. Чальцы штабу Віктара Бабарыкі і сябры прэзідыуму Каардынацыйнай рады амаль год правялі за кратамі. Працэс над імі, нягледзячы на патрабаванні грамадскасці, па-ранейшаму закрыты.

«Такія ўмовы зробленыя для таго, каб адмежаваць беларусаў і сусветную грамадскасць ад Машы і Максіма. Каб мы не чулі абсурднасці гэтых абвінавачванняў, каб іх не друкавалі ў медыях, у замежных медыях, каб эксперты, аналітыкі і палітолагі гэтага не абмяркоўвалі», – лічыць прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Яўгенія Сугак.

Віктар Бабарыка, пакараны 14-цю гадамі зняволення, у Наваполацкай калоніі працуе ў пякарні, паведамляюць працаўнікі ягонага штабу. У яго мала вольнага часу, але ён выходзіць з памяшкання. У Эдуарда Бабарыкі, затрыманага разам з бацькам, умовы горшыя, ён застаецца ў следчым ізалятары КДБ.

«У камерах вельмі горача, высокая вільготнасць, адзенне пакрываецца плесняй. Гэта кепска для здароўя. Яму забараняюць займацца ёгай, ён па-ранейшаму абмежаваны ў лістах: нейкія лісты даходзяць, а іншыя – не, з кнігамі таксама напружанасць», – распавядае Яўгенія Сугак.

Агулам паводле статыстыкі Вярхоўнага Суда Беларусі за першае паўгоддзе 2021 года ў калоніі адправілі ўжо больш за 4 тысячы чалавек. Суды разгледзелі больш за 105 тысячаў адміністратыўных справаў. Па іх выніках амаль 65 з паловаю тысячаў беларусаў заплацілі штрафы, а больш за 18 тысячаў чалавек зведалі арышты.

І ні ціск, ні запалохванні, ні суды не спыняюцца. Падчас чарговага паседжання ў справе палітзняволенага Сцяпана Латыпава пракурор запатрабаваў пакараць яго васьмю з паловаю гадамі калоніі ды трымастамі базавых велічынь штрафу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»