€ 36,7 млн на змякчэнне міграцыйнага крызісу


Еўракамісія дала Літве амаль 37 мільёнаў еўраў для размяшчэння мігрантаў. Каб абараніцца ад нелегалаў, Латвія вылучыць блізу двух мільёнаў еўраў на будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю.

€ 36,7 млн – столькі Еўракамісія накіруе Літве для пераадолення міграцыйнага крызісу. Сродкі вылучаюцца з Фонду прытулку, міграцыі ды інтэграцыі на прыёмныя пункты, медычную дапамогу, вакцынацыю і ізаляцыю, адзенне, харчаванне, гігіенічныя наборы.

«Літва намагаецца забяспечыць для гэтых людзей настолькі добрыя ўмовы, наколькі гэта магчыма. Гэта даволі цяжка і з фінансавага гледзішча, і з гледзішча чалавечага рэсурсу. Мы мусілі рэагаваць вельмі-вельмі хутка, бо не прадбачылі такога наплыву мігрантаў», – адзначае палітычны аналітык цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Адам Ражэвіч.

Паводле міністаркі ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце, змагацца з такім наплывам мігрантаў і абараняць свае межы немагчыма без фізічнага бар’еру. Учора літоўскі парламент ухваліў будаўніцтва 500-кіламетровай загароды на мяжы з Беларуссю.

«Мы прымаем закон, які дапаможа нам зрэалізаваць гэты праект за адзін-два гады. Гэта будзе вялікая загарода, чатыры метры вышынёй са спіраллю з дроту. Такім чынам, гэта будзе трывалы фізічны барʼер», – кажа старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі Літвы Лаўрынас Касчунас.

«Гэта не толькі пытанне міграцыі, але і рознага віду кантрабанды. Спадзяюся, што ўзмоцніцца і назіранне, і будаўніцтва сцяны, бо ўсё ж такі гэта мяжа Еўразвязу, не толькі Літвы», – заўважае літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

На прапанову Аляксандра Лукашэнкі аб дыялогу афіцыйная Вільня адказала, што ў літоўскага боку ёсць папярэднія ўмовы для аднаўлення зносінаў з Беларуссю. Адна з іх – спыніць плынь мігрантаў.

«На гэтым этапе мы абмяркоўваем некалькі ідэяў. Некаторыя з іх уключаюць магчымасць санкцыяў супраць тых, хто непасрэдна ўдзельнічае ў арганізаваным перамяшчэнні людзей з Багдаду ды іншых краінаў, каб парушыць літоўскую мяжу. А таксама магчымасць увесці новыя санкцыі. Мы мяркуем, што санкцыі на алкаголь таксама могуць быць адраснымі», – заявіў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

На мяжы Латвіі ды Беларусі затрымалі 77 мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Латвію. З сённяшняга дня ў памежных раёнах дзейнічае надзвычайнае становішча. Гэта дазваляе вайскоўцам і паліцыі падтрымліваць памежнікаў. Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі прапрацоўвае пытанне аб будаўніцтве намётавых лагераў для мігрантаў.

«Гэта канкрэтная сітуацыя, і мы былі вымушаныя прыняць канкрэтныя і вельмі надзвычайныя захады, каб спыніць гэтую інструменталізацыю людзей, інструменталізацыю мігрантаў дыктатарскім рэжымам у Беларусі», – адзначае міністарка ўнутраных справаў Латвіі Марыя Голубева.

У сувязі з наплывам мігрантаў услед за Літвой і Латвіяй узмацніць ахову беларускай мяжы пастанавіла і Польшча. У гэтым годзе польскія памежнікі затрымалі 871 чалавека, у той час як за ўвесь мінулы год іх было – 122.

Каця Малей, «Белсат»