Агляд навінаў замежжа: пратэсты ў Літве, перамогі Талібана і лясныя пажары


Пратэсты ў Літве

На мітынг ля будынку парламенту ў Вільні ўчора выйшлі каля пяці тысячаў чалавек. Прычына таму – планы ўраду ўвесці з 13-га верасня абмежаванні для тых, хто не зрабіў прышчэпку ад ковіду. І калі ўдзень акцыя праходзіла мірна, увечары паміж пратэстоўцамі ды паліцыянтамі адбыліся сутыкненні.

Удзельнікі пратэсту выкарыстоўвалі піратэхніку, а таксама кідалі ў паліцыянтаў бутэлькі ды камяні.

Праваахоўнікі ўжылі слезацечны газ. Мітынг ля парламенту скончыўся а другой гадзіне ночы. Паводле паліцыі 26 чалавек былі затрыманыя, 10 паліцыянтаў пацярпелі, з іх трое былі шпіталізаваныя. Сёння на плошчы ля Сейму зноў збіраюцца людзі. Паліцыя ўзмацніла патруляванне, будынак парламенту абнеслі металічнай агароджаю.

Талібан захоплівае Афганістан

Баевікі радыкальнага руху «Талібан» заявілі пра захоп яшчэ двух адміністрацыйных цэнтраў Афганістану: Пулі-Хумры і Файзабаду. Калі гэтыя звесткі праўдзівыя, талібы кантралююць ужо 9 адміністрацыйных цэнтраў краіны з 34-х.

Улічваючы імклівае прасоўванне баевікоў, спецслужбы ЗША мяркуюць, што сталіца Афганістану Кабул можа апынуцца пад кантролем талібаў ужо праз месяц пасля вываду амерыканскіх вайскоўцаў з краіны – пра гэта са спасылкаю на крыніцу ў ведамстве паведамляе газета «Ўошынґтан Поўст». Раней амерыканская выведка сцвярджала, што на гэта баевікам спатрэбіцца мінімум паўгода. Тым не менш прэзідэнт ЗША Джо Байдэн не шкадуе аб рашэнні вывесці амерыканскія войскі з Афганістану і заклікае афганцаў самім змагацца за сваю дзяржаву.

Лясныя пажары

Працягваюць гарэць лясы ў Сібіры. Найбольш небяспечным рэгіёнам лічыцца Якуція – там на сённяшні дзень зарэгістравана 172 асяродкі полымя. У рэспубліцы ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Агонь пакінуў без дому 185 жыхароў вёскі Бясь-Кюёль. Але ў небяспецы апынуліся не толькі людзі, але і хатняя жывёла. Валанцёры шукаюць пацярпелых звяроў і дапамагаюць ім.

На ўсходзе Алжыру ў лясных пажарах загінулі 42 чалавекі. 25 з іх – вайскоўцы, якія бралі ўдзел у выратавальнай аперацыі.

У Грэцыі праз узмацненне пажараў давялося эвакуяваць 19 вёсак. Толькі за апошнія содні ў краіне зарэгістравалі 54 новыя асяродкі загарання.

Захоўваецца пажаранебяспечная сітуацыя таксама ў Турцыі ды Італіі. Высокая тэмпература, сухое паветра і моцны вецер ускладняюць працу пажарнікаў.

Міхаіл Прановіч «Белсат»