Затрыманая чарговая група мігрантаў з тэрыторыі Беларусі


Яшчэ 15 нелегальных мігрантаў выявілі літоўскія памежнікі – агулам сёлета затрымалі ўжо 330 нелегалаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі. За ўвесь мінулы год іх было 80. Гэта пераважна жыхары Іраку, Сірыі, Турцыі ды Чачэніі.

«Нелегальныя мігранты пераважна ўсе просяць прытулку на тэрыторыі Літвы, Еўразвязу. Мы прынялі рашэнне, што збудуем намётавае мястэчка, бо ў нас не хапае месцаў, каб ім жыць», – тлумачыць намеснік камандзіра службы аховы мяжы Відас Мачайціс.

Пакуль жа Цэнтр рэгістрацыі ўцекачоў перапоўнены, лагер для іх будуецца. Урад Літвы абвінавачвае ва ўзмоцненай плыні мігрантаў Беларусь. Пра стаўленне да сітуацыі распавёў віцэ-міністр унутраных спраў Віталій Дзмітрыеў:

«Мы думаем, што гэта арганізаваная дзейнасць, мы гэта адчуваем. Кожны раз, калі ўцекачы з’яўляюцца ў Літве, мы разумеем, што гэта з дапамогаю рэжыму робіцца».

А ці згодныя беларусы з абвінавачваннямі літоўскага ўраду? Паразважалі жыхары Менску:

«Калі ёсць нейкае значнае павелічэнне колькасці, то, магчыма, сапраўды гэта нейкая помста».

«Што насамрэч адбываецца, наўрад ці мы даведаемся самі. Таму што ўсё ў нас пакрытае цемрай у краіне».

«Гэта падобна, безумоўна, на палітычную помсту. Безумоўна, гэта падобна».

«Слаба верыцца мне ў гэта, таму што калі памежны нарад кагосьці не затрымаў, гэта крымінальная адказнасць».

Лукашэнка ж яшчэ два тыдні таму пагражаў Еўразвязу перастаць кантраляваць наркатрафік і нелегальную міграцыю.

«Мы ім бязвіз, мігрантаў пачкамі лавілі. Цяпер – забудзьцеся. Самі будзеце іх і лавіць», – заявіў ён 26 траўня.

Аналітык ISANS Андрэй Елісееў лічыць, што ў адказ Еўразвяз можа прыпыніць дамовы аб спрошчаным візавым рэжыме ў Беларусі. Шэнгенская віза для грамадзянаў Беларусі каштавала б ізноў 80 еўраў, а не 35.

«Ён зараз у вельмі няёмкім становішчы, я маю на ўвазе міністра ўнутраных справаў ЕЗ, калі будзе абмяркоўваць гэтае пытанне. Яны знойдуць сябе ў сітуацыі, калі, з аднаго боку, трэба рэагаваць і замарозіць спрошчаны візавы рэжым з Беларуссю, але з іншага боку – гэта толькі ўдарыць па простых беларусах».

Эксперт лічыць, што плынь мігрантаў праз Беларусь нязначная, таму для Еўразвязу гэта нямоцны ўдар:

«Калі толькі Беларусь не пачне спрыяць гэтым патокам. Калі чуткі, што Беларусь не спыняе эміграцыю, ужо пойдуць у розныя асяроддзі тых краін, якія зʼяўляюцца крыніцай міграцыі».

Найбольшы абʼём мігрантаў праходзіць праз мяжу з Грэцыяй ці паўднёвымі краінамі Еўропы. Агулам летась у еўрапейскія краіны ўцяклі амаль сто тысяч нелегалаў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»