Працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у Берлін


Пасля сустрэчаў з кіраўніцтвам Чэхіі Святлана Ціханоўская наведала з трохдзённым працоўным візітам Берлін. Беларуская лідарка сустракаецца з кіраўніцтвам нямецкага Міністэрства замежных справаў, праводзіць перамовы з канцылярыяй Ангелы Мэркель і асноўнымі палітычнымі партыямі Нямеччыны. Але самыя цёплыя сустрэчы – з беларускай дыяспарай.

Пад сценамі Бундэстагу Святлану Ціханоўскую прывіталі дэпутаты Партыі зялёных, якая на бліжэйшых выбарах можа ўвайсці ва ўрад. Кожны з дэпутатаў стаў хросным бацькам ці хроснай маці беларускім палітвязням, каб персанальна спрыяць іх вызваленню.

«Я віцэ-старшыня нямецкага парламенту, і я апякуюся Марыяй Калеснікавай», – кажа Кляўдыя Рот, віцэ-старшыня Бундэстагу.

У Бундэстагу Святлана Ціханоўская сустракалася з кіраўніцтвам усіх асноўных палітычных партыяў і выступіла ў прадстаўніцтве зямлі Паўночны Рэйн–Вэстфалія ва ўрадзе.

«Святлана Ціханоўская – адна са смелых беларускіх жанчын, якія паўсталі супраць дыктатара, які сфальсіфікаваў выбары. Мільёны людзей у Беларусі вераць, што дыктатура рухне, таму яны змагаюцца за свабоду», – адзначае Армін Ляшэт старшыня партыі «Хрысціянска-дэмакратычны саюз».

Галоўная мэта працоўнага візіту – падштурхнуць еўрапейскіх палітыкаў да санкцыяў супраць дыктатуры Лукашэнкі ды яшчэ большай дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.

«На працоўнай сустрэчы мы абмяркуем, як рэжым Лукашэнкі захапіў самалёт, каб выкрасці незалежнага журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну. Таксама я праінфармую спадара Ляшэта пра глыбіню крызіса ў Беларусі і дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія жахліва ўплываюць на жыццё людзей», – лічыць Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская ў Берліне сустрэлася са Святланай Алексіевіч, сусветна вядомай беларускай пісьменніцай.

«Шаноўныя сябры, не адчайваймася. З намі адбылося самае галоўнае – мы адчулі, што мы беларусы, мы нацыя», – сказала Святлана Алексіевіч, Нобэлеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры.

Святлана Алексіевіч цяпер піша кнігу пра мірную беларускую рэвалюцыю.

Алесь Яшчанка, Яраслаў Сцешык, «Белсат»