Арышт экс-памочніка пракурора


Экс-памочніка пракурора Яўгена Бабака, які звольніўся ў знак пратэсту супраць падробкі выбараў і міліцэйскага гвалту, арыштавалі на 15 дзён. За пікетаванне шляхам размяшчэння на балконе бел-чырвона-белага сцягу. Пры гэтым праўладны тэлеграм-канал «Азарёнок. СТВ» апублічыў відэа допыту Яўгена Бабака, у якім той прызнаецца ва ўдзеле ў ініцыятыве «ByPol».

Гэта затрыманне былога памочніка пракурора Першамайскага раёну Менску Яўгена Бабака. Група захопу ў цывільным і бронекамізэльках прыехала да яго ўчора раніцай. Яўгена звезлі на бусе, а ягоную кватэру разграмілі. Увечары прэс-сакратарка МУС заявіла, што Бабак затрыманы «супрацоўнікамі міліцыі ў межах адміністратыўнага працэсу».

Аднак адміністратыўны працэс не прадугледжвае затрыманне гэткім сілавым метадам – зазначае былы старэйшы пракурор Генеральнай пракуратуры, удзельнік «ByPol» Алег Талерчык.

«Тое, што яны зрабілі ў гэтай кватэры, разграміўшыя яе, – гэта перавышэнне ўлады, службовых паўнамоцтваў, гэта цяжкія злачынствы. У тым ліку ў дзеяннях нібыта журналіста, недажурналіста Азаронка таксама бачыцца склад злачынства па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу – распальванне сацыяльнай розні і варожасці», – гаворыць Алег Талерчык.

Гаворка пра відэа, выкладзенае ў тэлеграм-канале «Азарёнок. СТВ». У роліку Яўген Бабак прызнаецца ва ўдзеле ў «ByPol» і плане «Перамога» ды раскайваецца ў гэтым.

У «ByPol» відэа называюць псеўдараскаяннем, а датычнасць Яўгена да ініцыятывы і плану «Перамога» зняпраўджваюць.

«Гэта відэа было зроблена і атрымана відавочна пад катаваннямі. Варта звярнуць увагу на аблічнасць Яўгена, на ягоныя вушы. Відаць, што да яго ўжывалі фізічную сілу», – кажа Алег Талерчык.

Сёння экс-памочніка пракурора Яўгена Бабака арыштавалі на 15 содняў. Суддзя Маскоўскага раёну Таццяна Мотыль пакарала яго за «пікетаванне шляхам размяшчэння на балконе бел-чырвона-белага сцяга».

Са словаў Яўгена, сцяг ён знайшоў у кастрычніку, а ў чэрвені вырашыў вывесіць яго на знак пратэсту супраць гвалту.

Але як з гэткім нібыта правапарушэннем звязанае прызнальнае відэа?

Летась у жніўні Яўген Бабак падаў рапарт аб звальненні. Перад гэтым ён спрабаваў распачаць правяранне па факце збіцця байкераў людзьмі ў форме супрацоўнікаў ДАІ ў менскім мікрараёне Уручча. Пракуратура ягонае прадпісанне праігнаравала.

Паводле інфармацыі, якую ў «ByPol» яшчэ будуць правяраць, Яўген праходзіць падазраваным у крымінальнай справе, а ператрус у ягонай кватэры санкцыянаваў пракурор Менску Алег Лаўрухін.

Анастасія Русецкая «Белсат»