Рыхтуецца новая атака з боку Беларусі?


Уладзімір Пуцін можа пачаць наступ на тэрыторыю Украіны з новага кірунку, каб перадухіліць дастаўку заходняй дапамогі, паведамляюць прадстаўнікі Злучаных Штатаў. Украінскія эксперты кажуць пра магчымасць удару з пінскага кірунку ў бок Луцку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вайна Расеі супраць Украіны пераходзіць у стадыю вайны да знямогі. Але Пуцін не пакінуў намераў захапіць больш украінскіх гарадоў. І ў бліжэйшыя тыдні магчымыя спробы Расеі спыніць заходнюю дапамогу. Пра гэта ў адмысловай справаздачы Сенату паведаміла кіраўніца Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Гэйнз:

«Расце верагоднасць, што Уладзімір Пуцін ужыве больш радыкальныя сродкі, у тым ліку ўвядзенне ваеннага становішча, пераарыентацыю прамысловасці або патэнцыйную эскалацыю баявых дзеянняў».

Пуцінскі прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў сёння заявіў, што планаў уводзіць ваеннае становішча ў Расеі няма. Але ягоныя словы, як і заявы Пуціна, часта не адпавядаюць дзеянням. А каб правесці атаку на захад Украіны, Маскве зноўку давядзецца выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі.

10 траўня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін абвесціў пачатак другога этапу раптоўнай праверкі сілаў рэагавання. Гэта нібыта рэакцыя на пагрозу НАТО – вучэнні «Абаронца Еўропы» ў Польшчы.

Батальённа-тактычныя групы беларускіх войскаў – паветранай абароны, ракетчыкі і артылерыя – выехалі на Заходні і Паўночна-заходні кірункі. Таксама да мяжы з Украинай верныя Лукашэнку генералы скіравалі Сілы спецаперацыяў.

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» адсочвае вайсковую актыўнасць не толькі ў Гомельскай, але і ў Берасцейскай вобласці, і побач з Пінскам.

«Калі беларуская армія ўсё ж вырашыцца на ўварванне, то яно будзе ў кірунку Луцк-Львоў, каб адсекчы Украіну ад заходняй дапамогі», – распавёў украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў у эфіры «Белсату».

Аднак і Алег Жданаў, і Аляксей Арэстовіч мяркуюць, што такі ўдар не рыхтуецца сённяшнімі сіламі Лукашэнкі.

«Не бачым прыкметаў падрыхтоўкі да наступу ва Украіну ці ўваходу войскаў з боку Лукашэнкі, і асаблівага непакою не адчуваем.

Тое, што не атрымалася ў першы раз, другі раз гарантавана не атрымаецца», – заявіў дарадца кіраўніка Офісу Прэзідэнта Украіны.

А што мяркуюць жыхары Львова пра магчымую атаку арміі Лукашэнкі?

Вось іх адказы:

«Прэзідэнту Беларусі няма куды падзецца. Што яму кажуць, тое ён і робіць».

«Я не думаю, што гэта будзе сур’ёзная пагроза ў бліжэйшы час, напрыклад, на працягу месяца».

«Верым у нашую дзяржаву і пры сцэнары новага нападу абаронім свае межы нават з боку Беларусі».

Як адзначаюць украінскія эксперты, вучэнні беларускай арміі могуць быць манеўрам для адцягвання ўвагі, гэтаксама, як і ваенная актыўнасць у Прыднястроўі. Каб пагроза нападу з новых кірункаў не дазваляла ўкраінскаму камандаванню перакінуць рэзервы на ўсход і поўдзень краіны, дзе ідуць цяжкія баі з расейцамі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»