У Будславе гарэў «беларускі Нотр-Дам». Што вядома?


Гарэў галоўны каталіцкі санктуарый Беларусі. Больш за 7 гадзінаў спатрэбілася, каб цалкам ліквідаваць пажар касцёлу ў Будславе. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Іконы, кнігі і іншыя каштоўнасці з касцёлу ўратавалі, але будынак моцна пашкоджаны. Аднаўляць беларускі Нотр-Дам будуць агульнымі намаганнямі.

Дым з Касцёлу а сёмай раніцы заўважыла мясцовая жыхарка Марыя Яблонская. Пабегла да ксяндза, які выклікаў дапамогу. Падзялілася з «Белсатам»:

«А хто, што… Ні жывой душы не было на вуліцы ў Будславе, калі я бегла да ксяндза… Можа і даведаюцца, што сталася, Але напэўна электрычнасць, што яшчэ… Правадоў жа ў Касцёле – дай Божа».

Людзі, якія пачулі крыкі пра пажар у касцёле, паспяшаліся на дапамогу. Сярод іх быў Яўген Апанасевіч:

Прыйшлі ўсе парафіяне, пачалі ўсё выцягваць з касцёлу. Дзякуй богу, усё выцягнулі: абразы і ўсё найбольш каштоўнае, стары алтар таксама часткова разабралі, таму ўнутры нічога такога не засталося».

Уратавалі абразы, літургічныя прылады, кнігі. Першым жа вынеслі Абраз Маці Божай Будслаўскай – галоўную каштоўнасць Будслаўскага касцёлу, унесеную ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

На лакалізацыю пажару выратавальнікам спатрэбілася чатыры гадзіны. Складанасць была ў тым, што заняліся драўляныя канструкцыі ў схаваных пустэчах паміж элементамі перакрыцця і пакрыцця.

Ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў: «Да 11 гадзіны мы яшчэ туды заходзілі, тушылі лаўкі, калі на іх праз дзіркі падаў агонь».

Дах абваліўся пазней, калі супрацоўнікі МНС нікога ў сярэдзіну не ўпускалі. Агулам на тушэнне пажару спатрэбілася 7 гадзінаў.

Працавалі адмыслоўцы з Мядзельскага, Вілейскага, Докшыцкага, Астравецкага раёнаў і гораду Менску: 13 аўтацыстэрнаў, 4 аўталесвіцы, 2 аўтапад’ёмнікі, паветразапраўнік і помпава-рукаўны аўтамабіль. Уратаваць удалося вежы, арганы і бетонныя канструкцыі. Вогнішча знішчыла толькі дах.

«Гэта боль вялікі, што гарэла такая святыня, важная для Касцёлу, для ўсёй нашай краіны, для свету», – уздыхнуў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – парафіяльная каталіцкая святыня, помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, названы адным з сямі цудаў Беларусі.

«Шмат успамінаў звязана з гэтым Касцёлам. Гэта нашая нацыянальная каштоўнасць», – кажа нарадзінец Будславу Мікіта Лубнеўскі.

Дапамагчы прысутнасцю і малітваю ў Будслаў выехала таксама кіраўніцтва Каталіцкага Касцёлу Беларусі: Біскупы Тадэвуш Кандрусевіч, Казімір Велікаселец, Аляксандр Яшэўскі, Юрый Касабуцкі.

У гэты ж дзень абвесцілі пра збор сродкаў на аднаўленне помніку сакральнай архітэктуры і мастацтва. Нумар рахунку BY12BAPB30153404200100000000 у ААТ «Белаграпрамбанк».

Краязнаўца Кастусь Шыталь кажа: «Усім нам трэба будзе гэты касцёл адбудаваць разам. І гэтая справа будзе адною з агульнанацыянальных, якія абʼядноўваюць нацыю. Здаецца, дзякуй Богу, што незваротных стратаў тут няма».

Па факце ўзгарання завялі справу паводле ч.2 арт. 304 Крымінальнага кодэксу (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобаю, адказнай за іх выкананне).

Юлія Цяльпук, «Белсат»