«Чаго ён хоча ад нас? Якая свабода? Што я без нагі застаўся?» Расея працягвае спробы захапіць Марыупаль


Колькасць ахвяраў у блакадным Марыупалі – дзясяткі тысячаў чалавек. Горад цалкам знішчаны. Пра гэта распавёў Уладзімір Зяленскі. Расейская ж наступальная аперацыя не спыняецца. Паводле Міністэрства абароны Украіны, расейскія войскі рыхтуюцца выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Васіль падарваўся на міне, калі выскокваў з машыны падчас абстрэлу. Цяпер ён інвалід.

«Мы жылі як людзі. Чаго ён хоча ад нас? Я не разумею. Якая свабода? Што я без нагі застаўся?» – кажа Васіль.

Людзі, якім удалося ўцячы на поўнач, – у адносна бяспечнае Запарожжа – з жахам успамінаюць, як да іх ставіліся расейскія войскі:

«Ён дастаў зброю і націснуў на курок. Але патрон заклініла. Мы з жонкай узяліся за рукі. І развіталіся адно з адным вачыма. Пазней я падабраў гэты патрон, падарыў свайму хросніку на памяць».

Тым часам расейскія войскі не кідаюць спробаў захапіць Марыупаль. Пры падтрыманні артылерыі і авіяцыі акупанты працягваюць штурмавыя дзеянні ў раёнах заводу «Азоўсталь» і марскога порту.

«Вы задумваліся пра тое, як тут быць, як змагацца ў такіх умовах, што адчуваюць абаронцы Марыупалю? Гэта калі табе пішуць смс: «Як у цябе справы, дружа?», а ты пяць хвілінаў таму паклаў у чорны мех пабраціма, якога ведаў сем гадоў… Калі нашыя дзяўчаты робяць з таго, што ёсць, суп, а ён табе ў рот не лезе, бо за некалькі кварталаў памірае дзіця з голаду, і ты не можаш дапамагчы», – кажа ў відэазвароце намеснік камандзіра палка «Азоў» Святаслаў Паламар.

За час расейска-ўкраінскай вайны ў Марыупалі загінулі «дзясяткі тысячаў» чалавек, горад у выніку абстрэлаў цалкам знішчаны. Пра гэта заявіў Уладзімір Зяленскі падчас выступу перад парламентам Паўднёвай Карэі.

Прэзідэнт Украіны зазначыў, што цяпер у Марыупалі найгоршая сітуацыя, бо горад заблакаваны расейскімі войскамі з 1 сакавіка.

«Не можа быць надзеі, што Расея сама спыніцца. І не можа быць надзеі, што розум пераможа і расейскае кіраўніцтва адмовіцца ад працягу гэтай вайны. Расею можна толькі прымусіць гэта зрабіць. Можна толькі прымусіць шукаць міру. Прымусіць перастаць здзекавацца з людзей, прымусіць паважаць незалежнае жыццё суседніх народаў», – канстатаваў Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі заклікаў Паўднёвую Карэю дапамагчы Украіне ў вайне з расейскім агрэсарам пастаўкамі зброі. Украіна мае патрэбу ў сістэмах супрацьпаветранай абароны, самалётах, танках, артылерыйскіх сістэмах і боепрыпасах.

Пра неабходнасць далейшага ваеннага падтрымання Украіны кажа і міністр замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак:

«Ясна адно: Украіне трэба больш ваеннай тэхнікі. Найперш цяжкое ўзбраенне. І цяпер не час на адгаворкі, цяпер час на крэатыўнасць і прагматызм, у першую чаргу калі гаворка ідзе пра запчасткі і навучанне».

Паводле Аналены Бэрбак, Еўразвяз выдзеліць на закупку ўзбраенняў для Украіны дадатковыя грошы. Як паведамлялася, удзельнікі паседжання Рады Еўразвязу плануюць дасягнуць палітычнай згоды на вылучэнне яшчэ 500 мільёнаў еўраў на зброю Кіеву ў межах еўрапейскага інструменту падтрымання міру.

Перадаць Украіне 50 былых у карыстанні танкаў Leopard 1 гатовы нямецкі канцэрн Rheinmetall. Для пастаўкі гэтай тэхнікі патрэбнае ўхваленне нямецкага ўраду.

Тым часам Расея спрабуе збіць пастаўкі ўзбраенняў ад саюзнікаў любымі метадамі. І паводле кіраўніка офісу ўкраінскага прэзідэнта Андрэя Ермака, пачынае дзеля гэтага «фэйкавую аперацыю».

Адзін з прыкладаў – заява расейскага боку пра знішчэнне пастаўленага Украіне Славакіяй ЗРК С-300. Прэм’ер-міністр Славакіі Эдуард Гэгер абверг гэтую інфармацыю:

«Славакія катэгарычна адмаўляе расейскую прапаганду, якая сцвярджае, што абарончая сістэма С-300 ва Украіне была знішчаная. Гэта падман. Ёсць афіцыйнае пацверджанне Украіны».

Тым часам Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што наступ Расеі на Данбасе можа пачацца найбліжэйшым часам. Акупанты плануюць выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай вобласцяў. Цяпер войскі агрэсара спрабуюць утрымаць сухапутны калідор і замацавацца ў межах Херсону.

Анастасія Русецкая, «Белсат»