У Беларусі забаранілі продаж аўтамабіля «Škoda Rapid». Хто шкодзіць «Шкодзе»?


Пакуль людзей ціснуць фізічна, непадкантрольны бізнес ціснуць забаронамі. У Беларусі цяпер нельга набыць аўтамабіль «Škoda Rapid». Гэта вынік правярання Камітэтам стандартызацыі. Паводле экспертаў, прычына банальная: помста за тое, што чэшская кампанія адмовілася быць спонсарам чэмпіянату свету па хакеі ў Менску з прычыны гвалту і парушэння правоў чалавека ўладамі Беларусі.

Аўтамабілі «Škoda» рэгулярна трапляюць у дзясятку самых папулярных. З іх самы прадаваны – «Škoda Rapid», гэта значыць «хуткі». Летась у Беларусі прадалі больш за дзве тысячы новых «Рапідаў». Але з 11 сакавіка прыйсці ў аўтасалон і набыць гэты седан беларусы не могуць – забараніў Дзяржаўны камітэт стандартызацыі. Чыноўнікі знайшлі неадпаведнасці ў дакуменце «Аб ухваленні тыпу транспартавага сродку». Кажуць, не адпавядае колькасць дзвярэй, экалагічны клас, дый фары іншай сістэмы.

«У дакуменце… пазначалася, што гэты транспартавы сродак выпрабоўваўся з сістэмаю дапаможнага тармажэння (BAS). У рэчаіснасці ж аўтамабіль рэалізуецца без яе. Апроч гэтага, на транспартавым сродку былі ўсталяваныя фары дзённага святла, адрозныя ад пазначаных у дакуменце», – паведамляе Дзяржаўны камітэт стандартызацыі Беларусі.

На пачатку года чэшская кампанія «Шкода» адмовілася спансараваць хакейны чэмпіянат свету, калі ён пройдзе ў Менску, бо для іх важнымі застаюцца правы чалавека. Да «Шкоды» далучыліся іншыя спонсары – касметычная кампанія «Nivea Men», гадзіннікі «Tissot», якія таксама выступілі супраць рэпрэсіяў і дыскрымінацыі ў Беларусі. У выніку чэмпіянат, на які так спадзяваўся Аляксандр Лукашэнка, перанеслі ў Рыгу.

«Любой заходняй буйной і небуйной кампаніі яе імідж не абыякавы. Таму падтрымліваць той рэжым, які сфармаваўся канчаткова ў Беларусі, для сур’ёзных фірмаў азначае губляць сваіх кліентаў», – тлумачыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Беларускі імпарцёр «Шкоды» сітуацыю пракаментаваў даволі стрымана: «Спадзяемся хутка ўсё ўдакладніць і аднавіць продажы». Затое большасць апытаных «Белсатам» менчукоў наўпрост называе забарону помстаю Лукашэнкі.

«Асабістая непрыязнасць нашага галоўнага пастуха».

«Я думаю, не таму, што яны адмовіліся спансараваць. Можа, водгукі былі кепскія?»

«У такім выпадку яны б забаранілі не толькі «Рапід», але ўсе маркі «Шкоды». А калі толькі «Рапід», то гэта як папярэджанне».

«Я думаю, цяпер і «Нівэю» забароняць, яны ж таксама адмовіліся спансараваць чэмпіянат свету. Канечне, тут палітычны матыў».

І сёння ж стала вядома, што са студзеня буйная оптавая кампанія «Мостра-груп» больш не прадае ў Беларусі тавараў брэнду «Nivea».

Улады Беларусі шмат гадоў спрабавалі імітаваць дэмакратыю, законнасць і выкананне міжнародных дамоваў, кажа Сяргей Нікалюк. Але цяпер імітацыя скончылася, і дзяржаўная машына будзе душыць усё, што супраціўляецца.

«Бізнес у цэлым успрымаецца гэтай уладай як праціўнік. Пра гэта было патлумачана падчас так званага Усебеларускага народнага сходу, і гэтая палітыка працягваецца, і мы бліжэйшым часам пабачым масу падобных прыкладаў», – прадказвае палітолаг.

Адзін з самых паказальных – «Белгазпрамбанк», які да пачатку палітычнай кар’еры ўзначальваў Віктар Бабарыка. Пасля абвяшчэння Бабарыкі пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах супраць кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» КДБ завёў крымінальныя справы, падчас ператрусаў былі вынятыя грошы і каштоўнасці прыватных кліентаў – у тым ліку без складання пратаколаў, а кіраваць прыватным банкам Нацбанк паставіў сваю былую старшыню Надзею Ермакову.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»