«Наогул складу крымінальнага злачынства тут няма». Хроніка судовага пераследу 11 сакавіка


Колькасць палітзняволеных у Беларусі ізноў павялічылася. Сёння праваабарончыя арганізацыя прызналі яшчэ двух чалавек палітзняволенымі. Цяпер іх – 279.

Відэа, на якім супрацоўнікі беларускай чыгункі абражаюць кіраўніка Беларусі, яшчэ ў верасні разышлося па сеціве. Аператара і ўдзельнікаў затрымалі толькі ў снежні, праз трое содняў іх адпусцілі. А сёння суд Менскага раёну распачаў разгляд крымінальнай справы пра абразу прэзідэнта. Працэс вядзецца за закрытымі дзвярыма. Падсудным пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

«Вінавацяць у абразе прэзідэнта. З абвінавачваннем згодны. Віну прызналі, каемся», – кажа падсудны Максім Дземідоўскі.

«Ёсць надзея, што гэта штрафам абыдзецца, але ў наш час я нават не ведаю, тут, як суддзя вырашыць. Як ёй захочацца, так яна і вырашыць», – падкрэслівае другі падсудны Антон Жукоўскі.

Савецкі суд Менску разгледзеў крымінальную справу 36-гадовага Юрыя Дрэка, які надпісам на плоце нібыта пагражаў працаўнікам выдання Адміністрацыі прэзідэнта «Беларусь сегодня».

«Прысудам суда падсудны прызнаны вінаватым у хуліганстве і асуджаны на 1 год абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу», – паведаміў памочнік пракурора Савецкага раёну Менску Уладзімір Рабаў.

У якасці пацярпелых выступілі шасцёра працаўнікоў газеты – Міхаіл Лябедзік, Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Дзмітрый Крат, Раман Рудзь і кіраўнік упраўлення матэрыяльнага забеспячэння.

«Пацярпелы бок не здолеў аргументаваць і не даказаў віну, у чым вінавацяць. Таму з прысудам мы не згодныя, не суадносяцца дзеянні, артыкул, і наогул складу крымінальнага злачынства тут няма, таму мы будзем абскарджваць», – лічыць Любоў Дрэк, жонка Юрыя Дрэка.

«Я вельмі хвалююся за тое, што адбываецца ў краіне, і лічу, што павінны ўсе пакаяцца адны перад аднымі, абодва бакі», – упэўнены Юрый Дрэк.

Былую выкладчыцу Гомельскага ўніверсітэту транспарту, а цяпер пенсіянерку Валерыю Дэцук брутальна затрымалі ў ейнай кватэры 6-га сакавіка за ўдзел у пікеце з бел-чырвона-белай сімволікай. За адмову аддаць мабільныя тэлефоны жанчыну абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтам. Адбываючы 5 содняў у ізалятары, яна абвесціла галадоўку.

«Я напісала афіцыйную заяву адмову ад ежы і напісала: «з псіхалагічных прычынаў», – адзначыла Валерыя Дэцук.

З-за жудаснай антысанітарыі ў камеры парэзаў сабе вены палітвязень, блогер Сяргей Пятрухін. Аб гэтым паведамілі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Блогера вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Сёння праваабаронцы прызналі палітзняволенымі Аляксандра Кулагу і Уладзіміра Чыжэўскага, якіх асудзілі за абразу прэзідэнта. Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася да двухсот сямідзесяці дзевяці чалавек.

Ігар Станкевіч, «Белсат»