Гарачая лінія са Святланай Ціханоўскай зацягнулася на 2 гадзіны


Сімвал пераменаў для тысячаў беларусаў цяпер стане бліжэй. У чат-боты, пошту і сацсеткі офісу Святланы Ціханоўскай прыходзіць шмат пытанняў. Цяпер задаць іх палітыку можна асабіста – анлайн па відэасувязі. Сённяшняя гарачая лінія цягнулася 2 гадзіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усё было вельмі канструктыўна. Я вельмі радая, што мы такі фармат запусцілі. І я заклікаю не баяцца, далучацца. Усе цалкам сакрэтна», – распавяла «Белсату» Святлана Ціханоўская.

Кошты на прадукты. Рэпрэсіі. Вонкавая палітыка. Крызіс незалежных медыяў. Тэмаў для размовы са Святланай Ціханоўскай назапасілася шмат. А пра што б вы запыталіся? Гледачы «Белсату» нам адказалі:

• Пра будучую пенсійную рэформу ў новай Беларусі, пра дапамогу і ўдзел дзяржавы ў жыцці інвалідаў.

• Што плануецца зрабіць дзеля адраджэння беларускай мовы, культуры?

• Чаму вы шукаеце падтрымання «мудрай Масквы»?

• Які план барацьбы з лукашызмам? Толькі канкрэтныя крокі.

Палітолаг Андрэй Ягораў у такім фармаце бачыць магчымасць для офісу Ціханоўскай ясна данесці сваю пазіцыю беларусам ды атрымаць ад людзей адваротную сувязь:

«Возможно опять же проявление проблем, которые сегодня есть в демократическом движении, которые могут быть озвучены в ходе такого рода встреч. Опять же если это будет честный разговор, если люди смогут задать любые вопросы, которую могут быть выведены в эфир, даже неудобные вопросы, то это будет позитивная картина».

«Магчыма зноў жа праявяцца праблемы, якія сёння ёсць у дэмакратычным руху, якія могуць быць агучаныя падчас такога кшталту сустрэчаў. Зноў жа калі гэта будзе сумленная размова, калі людзі змогуць задаць любыя пытанні, якія могуць быць выведзеныя ў эфір, нават нязручныя пытанні, то гэта будзе пазітыўная карціна».

Цяпер такія размовы адзін на адзін стануць рэгулярнымі.

Падключыцца да прыватнай размовы са Святланай Ціханоўскай даволі проста. Для гэтага трэба зайсці ў тэлеграм-канал ейнага штабу і знайсці пост з анонсам запуску гарачае лініі – ён быў апублікаваны дзясятага лютага. Да публікацыі прымацаваная спасылка, яна перанакіруе вас на старонку рэгістрацыі і дазволіць атрымаць час гутаркі, дзе вы зможаце задаць свае пытанні ці падзяліцца праблемай.

Аляксей Патапаў, «Белсат»