Распачалося першае судовае паседжанне ў справе блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна


«Блогеры былі тыя, хто вельмі моцна званіў у званы, і гэты звон быў пачуты сотнямі тысяч людзей. Таму яны ворагі для Лукашэнкі, для яго рэжыму. Яны героі для людзей, а для рэжыму ворагі», – кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

У залу суда не пусцілі ні незалежных журналістаў, ні паплечнікаў блогераў, афіцыйна – скончыліся месцы.

«Я б ніколі ў 90-м годзе не паверыў, што праз 30 гадоў такое будзе. Гэта жах. Гэта горш, чым у тыя дрэнныя, застойныя часы, часы праўлення КПСС», – дзеліцца ўражаннямі старшыня АГП у Магілёве Уладзімір Шанцаў.

Яшчэ адзін фігурант «справы Ціханоўскага», каардынатар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Горадні і адміністратар тэлеграм-чату «Страна для жизни» Дзмітрый Фурманаў за кратамі з 29 траўня. Ягоная нявеста была вымушаная з’ехаць у Літву.

«Спадзяемся на лепшае, канешне ж. Што хлопцаў адпусцяць. Яны ўсе не вінаватыя. Але, бачачы наша заканадаўства, як судзяць хлопцаў і якія суды цяпер праходзяць, – надзеі не самыя лепшыя», – кажа нявеста Дзмітрыя Фурманава Вольга Каракіна.

«І вось гэта вось усё цягнецца, цягнецца, цягнецца. Адно і тое ж кажуць. Не зразумела, аб чым кажуць. І такое адчуванне, што паседжанне суда наўпрост штучна зацягваецца», – распавядае бацька Дзмітрыя Аляксандр Фурманаў.

У Віцебску на 40 базавых велічыняў, то бок на 1160 рублёў, суддзя Міхаіл Зубеня пакараў пенсіянерку Валянціну Крыштопенку за ўдзел у роліку.

«Гэта інваліду 1-й групы, які атрымлівае мізэрную пенсію. Што яны хацелі? Каб я год галадала? Грошай за кватэру не плаціла? Я не ведаю, аб чым яны думаюць, калі гэта чыняць», – не стрымлівае эмоцый Валянціна Крыштопенка.

Караюць і прадстаўнікоў бізнесу. У Берасці за парушэнне правілаў гандлю крама нацыянальных тавараў «Князь Вітаўт» мае аплаціць штраф у амаль што 6 тысяч рублёў.

«Пачалося яшчэ паўтары гады таму. Можа, і два. З той цішоткі, дзе была выява аўтазака і надпіс »Welcome to Belarus«. А ўжо зусім жорстка гэта ўсё стала адбывацца перад выбарамі ў жніўні. Ну і пасля іх, канечне», – распавядае сууладальнік крамы «Князь Вітаўт» Алег Чапараў.

У Пінску мясцовы актывіст Сяргей Супрановіч дамагаўся справядлівасці ад ГАУС. За содні, што ён правёў у мясцовым ізалятары, Сяргей зразумеў, што 13 рублёў на дзень задорага за тую ежу, што там даюць.

«Прадстаўнік з ГАУС Верыч пацвердзіў, што нават калі будуць вымаць не толькі 15 рублёў за содні ў ІЧУ, але і болей, а на харчаванне будзе загад на 5 рублёў, нават на 3 – будуць карміць за 3», – кажа грамадскі актывіст Сяргей Супрановіч.

Тым часам маці загінулага Рамана Бандарэнкі выказала жаданне ўдзельнічаць у судовым працэсе над журналісткай Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным. Яны апублікавалі дакументы, якія сведчаць пра тое, што Раман быў цвярозы. Суд пачнецца 19 лютага.

Надзея Бельская, «Белсат»