Першы дзень УНС: суды пераносяць, актывістаў затрымліваюць, на вуліцах – сігналы аўтамабіляў


«Не каб дзяцей з дзіцячых дамоў завезці ў цырк. Вязуць. Вядома, гэта ж важней», – адзначаюць тыя, хто сустрэў на шляху ланцугі аўтобусаў.

Дзяцей жа вазілі не ў цырк, а бліжэй, на трасу. Паводле тэлеграм-каналу Belamova, вучняў Рагачоўскага каледжу будаўнікоў без папярэджання забралі з заняткаў, каб з чырвона-зялёнай сімволікай прывіталі дэлегатаў па шляху на сход.

Раніцай да пачатку сходу рух у цэнтры Менску быў блакаваны, а Палац Рэспублікі, дзе адбываўся сход, аточаны сілавікамі. Пасля пачатку сходу рух па праспекце Незалежнасці аднавіўся, але цягам дня па цэнтральных вуліцах перамяшчалася спецтэхніка. А вось канвою і тэхнікі, каб прывозіць арыштаваных у суды, не хапіла, бо ўсіх забралі ахоўваць сход. Тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі паведаміў што менавіта гэта стала прычынай таго што суд над валанцёрам штабу Антонам Бяленскім перанеслі.

Адначасова са сходам па ўсёй краіне сілавікі зладзілі пераслед актывістаў. У Віцебску на тры гадзіны ў Чыгуначным аддзеле ўнутраных справаў затрымлівалі найстарэйшага апазіцыянера Барыса Хамайду. Ля так званага «Сіняга дому» на вуліцы Леніна ён звычайна распаўсюджвае незалежную прэсу. Адтуль яго і забралі разам з рэчамі для «прафілактычнай гутаркі», папярэдзіўшы, што затрымліваць і штрафаваць будуць штодня. Паведамленні пра выклікі для гутаркі, дзяжурствы міліцыі ля пад’ездаў, ператрусы і затрыманні прыходзяць з Менску, Віцебску, Магілёва, Рэчыцы. І з Салігорску, дзе ўдзельнікі стачкаму апублікавалі зварот супраць сходу.

«Дэлегаты на гэтае мерапрыемства абіраліся не мясцовымі сходамі, сходамі працоўных калектываў, а прызначаліся раённымі ды гарадскімі саветамі, што не прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы. Мы лічым, што прызначаныя такім чынам дэлегаты УНС не прадстаўляюць інтарэсаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Напярэдадні міліцыя заяўляла аб працы ва ўзмоцненым рэжыме і абяцала не дапусціць беспарадкаў. У сацсетках жа з’яўляліся меркаванні як за вулічныя пратэсты ў дзень сходу, так і супраць такіх акцыяў. Зʼяўляліся і рэакцыі на сход ды яго ўдзельнікаў.

«Антынародныя дэлегаты, народ вас не абіраў, як не абіраў і арганізатараў гэтага ўсенароднага сораму. Беручы ўдзел у гэтым шабашы, вы робіцеся ўдзельнікамі бандыцкай групоўкі, якая захапіла ўладу, і робіцеся саўдзельнікамі злачынстваў гэтай банды», – гаворыцца ў адным са зваротаў.

Цягам дня ў розных раёнах сталіцы выстройваліся ланцугі салідарнасці. А ў дворыку БДУ зладзілі спантанную спеўную акцыю. Ладзіліся акцыі супраць сходу і за межамі Беларусі.

«Сёння пачаўся антыбеларускі антынародны сход. Сагналі 2700 беларусаў 46 якія будуць як бы легітымізаваць былога прэзідэнта, – кажа ўдзельнік адзіночнага пікету ў Санкт-Пецярбургу.

Праводзілі ўдзельнікаў першага дня сходу менчукі гэтаксама, як і сустракалі, – сігналамі аўтамабіляў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»