«Мы будзем з тымі людзьмі, хто ёсць там». Супраць УНС пратэставалі не толькі ў Беларусі


Адкрыты мікрафон ля амбасады Беларусі ў Вільні стаў альтэрнатывай Усебеларускаму народнаму сходу, які стартаваў у Менску таксама 11 лютага.

Беларусы Вільні вырашылі сабрацца разам на знак пратэсту супраць паказухі Усебеларускага народнага сходу.

«Таму, вядома, мы выступаем супраць. Гэта проста для мяне працяг таго, што пачалося 9 жніўня. Гэта проста працяг. І таму мы, як і гэтыя паўгода, не спыняліся выказваць свой пратэст, і цяпер працягваем рабіць тое ж самае», – распавядае ветэран пратэставага руху ў Вільні Алег Мяцеліца.

На акцыі бралі слова актывісты з розных арганізацыяў, такіх як «Дапамога», Народная амбасада Беларусі ў Вільні ды іншыя неабыякавыя беларусы.

«Мы тут свабодныя. І нягледзячы на тое, што сёння 3 гадзіны дня – працоўны час, кожны з нас, хто здолеў прыйсці, палічыў гэта вельмі важным. І мы хочам паказаць, што ніякія перашкоды нас не прыпыняць, і мы будзем з тымі людзьмі, хто ёсць там», – кажа дырэктарка грамадскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава.

Акцыю суправаджалі гукі трубы, на якой граў музыка, уцякач з Беларусі Цім Суладзэ.

Вольга Гоманава, «Белсат»