Хто лічыць рэйтынг Лукашэнкі?


Жывы эфір са з‘езду прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі глядзяць мільёны людзей – прынамсі, так заявіў сам Лукашэнка. Дзяржаўныя тэлеканалы абяцалі шырокую грамадскую дыскусію. А мы спыталі менчукоў, ці будуць яны сёння і заўтра глядзець тэлетрансляцыю Усебеларускага народнага сходу.

Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Па дзяржаўным тэлебачанні, вядома, не буду«.

«Я тэлевізар не гляджу са жніўня. А што там глядзець, Азаронка?»

«Як морду Лукашэнкі пабачу, мне адразу бляваць хочацца».

«Навошта мне гэты цырк? 27-ы з‘езд КПСС, адзін у адзін».

«Чарговы раз Лукашэнка і яго набліжаныя людзі спрабуюць паказаць, што нейкая народная падтрымка ў яго ёсць».

На 13 менчукоў, якія не будуць глядзець трансляцыі з урачыстага з’езду, толькі чацвёра глядзець гатовыя.

«Чаму буду глядзець? Бо мяне цікавіць, што адбываецца ў маёй краіне».

«Абавязкова буду глядзець. Бо я за Беларусь, за нашага прэзідэнта».

«Белсат» – не сацыялагічная служба, таму гэтае апытанне нясе выключна ілюстратыўны характар. Але якраз напярэдадні дзяржаўныя СМІ заявілі, што Лукашэнка мае ўзровень даверу 66,5 % – паводле маштабнага даследавання, праведзенага аналітычным цэнтрам ECOOM разам з фондам «Украінская палітыка». Нібыта яны апыталі 10 тысяч беларусаў. Праўда спачатку была толькі заява Аляксандра Лукашэнкі ад 2 лютага, што даследаванне ідзе, а потым ужо дзяржаўныя СМІ ўпершыню пра яго згадалі.

«Цэнтр Ecoom з‘явіўся ў СМІ ў 2004-м годзе, і ў асноўным яго імя з‘яўлялася тады, калі трэба было пацвердзіць высокі рэйтынг, высокі давер да Аляксандра Лукашэнкі. Калі казаць пра дадзеныя, зыходныя матэрыялы, лічбы даследванняў, то публіцы іх не паказвалі. І мы не можам пабачыць нават канкрэтных фармулёвак пытанняў, якія задавалі людзям», – тлумачыць несупадзенні сталы аўтар «Белсату» доктар сацыялогіі Аляксандр Папко.

Цэнтр ECOOM не мае інтэрнэт-старонкі, не публікуе поўных справаздачаў даследаванняў, як сапраўдныя сацыялагічныя цэнтры. Невядомыя імёны сацыёлагаў, ёсць толькі кіраўнік – чалец праўладнага Саюзу пісьменнікаў Сяргей Мусіенка, які на дзяржаўных каналах называецца палітолагам.

А фонд «Украінская палітыка» пад кіраўніцтвам Канстанціна Бандарэнкі ва Украіне вядомы тым, што падчас выбараў 2019-га года прадказваў, як папулістычныя і прарасейскія кандыдаты набліжаюцца да перамогі ў першым туры, а яны потым занялі 7-е і 8-е месцы.

Цяпер яны кажуць пра высокі рэйтынг Лукашэнкі – якраз перад з’ездам актыву.

«Усе гэтыя дэлегаты прызначаныя, прафільтраваныя і вытыпаваныя паводле прынцыпу лаяльнасці і бездакорнасці. Гэта што тычыцца выбару дэлегатаў. А што да правядзення такой масоўкі, то там казаць пра шырокую дыскусію, дыялог, абмеркавання набалелых справаў – такі фармат не дазваляе ў любым выпадку», – кажа дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі.

Калі дэлегаты не прадстаўляюць большасць беларускага народу, то навошта тады Лукашэнку іх збіраць? Па-першае, каб паказаць, што ўсё пад кантролем, а па-другое, тэрмінова падрамантаваць сваю легітымнасць, кажа Рудкоўскі.

«Гэтыя выбары, якія адбыліся, не выклікаюць даверу ва ўсім грамадстве, у тым ліку ўнутры чынавенства і ў тым ліку ў Расеі. Таму гэта такі субстытут у легітымацыі».

І Злучаныя Штаты, і Еўразвяз ужо заявілі, што Усебеларускі народны сход – нелегітымная канферэнцыя, бо туды не можа трапіць ніхто, апроч прыхільнікаў дзейнага палітычнага рэжыму.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»