Як Менску спадабацца інвестарам?


А пакуль што – да патугаў афіцыйнага Менску спадабацца замежным інвестарам. Бо шчокі надзімаць можна колькі заўгодна, а грошаў у дзіравым бюджэце ад гэтага больш не становіцца. Чым збіраецца завабіць у Беларусь інвестараў Лукашэнка? І ці атрымаецца з гэтага хоць штосьці ўцямнае?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нясіце нам вашыя грошыкі, мы харошыя, вам у нас спадабаецца! Улады намагаюцца завабіць у Беларусь інвестараў. Паводле апублікаваных зменаў у законе «Аб інвестыцыях», рэжым Лукашэнкі абяцае гарантыі недатыкальнасці тым, хто наважыцца фінансава ўкласціся ў эканоміку нашае краіны. У прыватнасці, замацоўваецца непадпаданне інвестараў пад магчымыя падвышэнні падатковых ставак і/або ўвядзенне новых падаткаў і збораў. Аднак прыкрыццё імем Лукашэнкі – крок прынамсі недарэчны і нясвоечасовы, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук. І наогул, падкрэслівае Раманчук, няма аніякага значэння, пра што там ідзецца ў тых зменах.

«У нас былі і Інвестыцыйны кодэкс, і розныя інвестыцыйныя законы, і льготы, і абяцалі нічога не карэктаваць і нічога не змяняць – і ўсё гэта парушылі! І таму, самае першае: які наогул можа быць давер да органаў улады, якая за 27 гадоў паказала ўсяму свету, што верыць ёй нельга?» – рытарычна пытаецца Раманчук.

Таксама ў абноўленым законе ўдакладняецца парадак выплаты кампенсацыі інвестарам у выпадку нацыяналізацыі або рэвізіі іхнай маёмасці. А тэрмін патрабаванняў дзяржавы да інвестара абмяжоўваецца трыма гадамі. Аднак насамрэч замежным інвестарам найперш важнае зусім іншае, падкрэслівае кіраўнік офісу Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

«Вяршэнства права, незалежнай судовай сістэмы – менавіта гэтыя прынцыпы абсалютна важныя для замежных інвестараў, для таго, каб упэўніцца, што іхныя інвестыцыі будуць абароненыя і што яны змогуць іх вярнуць. Дык вось цяпер у Беларусі сітуацыя такая, што любая пастанова можа быць прынятая – нават калі яна наўпрост супярэчыць закону», – тлумачыць Кавалеўскі.

А калі ў краіне «не да законаў», то таксама і не да інвестыцыяў, паказвае простую паралель эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Беларусь мае крыху больш за 2000 долараў ЗША інвестыцыяў на душу насельніцтва. Гэта паказнік, у 3 разы горшы, чым у Польшчы, недзе ў 20 разоў горшы, чым у Эстоніі. Ну і для ўсясветных рэкардсменаў – шмат», – кажа Раманчук.

Дый калі зірнуць уважліва, што гэта за інвестыцыі, тлумачыць Раманчук, дык найперш ідзецца пра грошы, якія прыйшлі з Расеі і Кіпру – і якія найперш звязаныя не з развіццём тэхналогіяў і мадэрнізацыяй эканомікі, а з бізнесам набліжаных да Лукашэнкі асобаў. А таму, дадае Кавалеўскі, пра інвестыцыі сур’ёзна можна будзе гаварыць толькі пасля змены палітычнага рэжыму ў Беларусі.

«Што можна будзе зрабіць і якія ўмовы будуць адпавядаць інтарэсам інвестараў? Гэта, вядома, адсутнасць санкцыяў. І ў гэтым пытанні офіс Святланы Ціханоўскай, безумоўна, можа адыграць самую станоўчую ролю. Калі ў Беларусі пройдуць перамены, Святлана Ціханоўская зможа паўплываць адпаведным чынам на пастановы заходніх урадаў і скасаваць гэтыя санкцыі», – кажа Кавалеўскі.

Але гэта – толькі пасля змены рэжыму, які за ўвесь мінулы год не прызначыў аніводнага амбасадара ў краіны Еўразвязу. І да якога ў Менск не прыехаў аніводзін амбасадар аб’яднанай Еўропы.

Валера Руселік, «Белсат»