Ці хутка выведуць кантынгент АДКБ?


Кіраўнік Казахстану абвясціў хуткі вывад са сваёй краіны кантынгенту войскаў АДКБ, у тым ліку і беларускіх вайскоўцаў з Віцебскай дэсантнай брыгады. Але ў самой Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі і ў Маскве гэтага пакуль не пацвярджаюць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Касым-Жамарт Такаеў прызначыў новы ўрад Казахстану, і выступіў перад парламентам. Цяпер ён не толькі прэзідэнт, але і кіраўнік Савету Бяспекі, дзяржаўнага органу з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, якім да студзеньскіх падзеяў кіраваў Нурсултан Назарбаеў. Дзе цяпер першы прэзідэнт Казахстану – ніхто не ведае.

А Касым-Жамарт Такаеў сёння паўтарыў ранейшыя словы аб масавай тэрарыстычнай атацы, і зноўку не сказаў, адкуль з‘явіліся тэрарысты.

«У цэлым вострая фаза контртэрарыстычнай аперацыі скончаная. Усе рэгіёны стабільныя. Таму я хачу абвесціць, што асноўная місія АДКБ паспяхова выкананая. Паэтапны вывад міратворчага кантынгенту АДКБ пачынаецца праз 2 дні, працэс вываду кантынгенту зойме не больш за 10 дзён. Трэба знайсці і пакараць усіх баевікоў і іх прыхільнікаў, датычных да злачынстваў супраць мірных грамадзянаў», – заявіў Такаеў.

У самой Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі ведаюць пра гэтую заяву, але кажуць, што афіцыйнага звароту аб вывадзе войскаў пакуль не было. Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу таксама сёння заявіў, што кантынгент АДКБ у Казахстане будзе выконваць свае задачы да поўнай стабілізацыі абстаноўкі – канешне, паводле рашэння кіраўніцтва рэспублікі.

«Казахстан юрыдычна абгрунтавана звярнуўся да сваіх партнёраў па Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі з просьбай скіраваць міратворчы кантынгент. У момант прыняцця гэтага рашэння мы маглі цалкам страціць кантроль над Алматы», – пераконваў парламентароў прэзідэнт Казахстану.

У Алматы адбываліся найбольшыя сутычкі між пратэстоўцамі і паліцыяй, якія потым перараслі ў вулічныя баі. Адбываліся і акты марадзёрства.

Вось што кажуць прадпрымальніцы з Алматы:

«Я ў сувязі з крызісам зачыніла некалькі кропак, бо не выцягвала арэнду. А цяпер мая любімая гандлёвая кропка моцна пацярпела».

«Мы з мужам прыехалі сюды, узялі абсталяванне, трубы, і сядзелі тут. Бо ў 7 гадзін яшчэ цёмна, а народ, мужчыны хадзілі побач і заглядвалі ў гэтыя дзіркі. А мы проста стаялі тут».

Але ў марадзёрстве абвінавачваюць і вайскоўцаў. Тэлеграм-канал SHOT апублікаваў відэа размовы з уладальнікамі піцэрыі ў Алматы. Яны распавялі, што 7-га студзеня піцэрыю пасля абстрэлу наведалі людзі ў вайсковай экіпіроўцы, якія выламалі касу і набралі поўныя торбы ежы. Прадпрымальнікі напісалі заяву ў паліцыю.

Войскі АДКБ.
Фота: odkb-csto.org

Казахскіх вайскоўцаў крытыкуюць і за нелегальнае выкарыстанне сімволікі ААН. Менавіта ў Алматы 8 студзеня журналісты Associated Press заўважылі салдат адмысловага батальёну КАЗБАТ у блакітных касках міратворчых сілаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, хаця ніякай місіі ААН туды не накіроўвала.

Беларускія вайскоўцы ў Казахстане таксама трапілі пад увагу медыяў. Яны носяць шаўроны «Міратворчая рота», стылістычна падобныя на знакі адрознення сілаў ААН.

«На сённяшні дзень нейкіх правакацыяў адносна нашых вайскоўцаў ці спробаў трапіць на аб’ект пад аховай не было», – паведаміў Сяргей Андрэеў, намеснік камандзіра Сілаў спецаперацыяў Узброеных сілаў Беларусі.

У Арганізацыі абʼяднаных нацыяў заклікалі ўлады Казахстану тэрмінова вызваліць тых грамадзянаў, хто не ўдзельнічаў у сутычках, але быў затрыманы выключна за мірныя пратэсты.

«Міністэрства ўнутраных справаў Казахстану абвясціла, што 11 студзеня пад вартаю застаюцца каля 9900 асобаў. Гэта відавочна вялізная колькасць. Паводле міжнароднага закону, людзі маюць права на мірны пратэст і на выказванне свайго меркавання. І іх нельга затрымліваць толькі за меркаванне», – заявіла прадстаўніца Управы Вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека Ліз Тросэл.

Таксама ў ААН звяртаюць увагу, што неабходна правесці аператыўныя і незалежныя расследаванні забойстваў, у тым ліку злоўжыванне сілаў з боку вайскоўцаў і спецслужбаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».