Салідарнасць трапіла пад забарону


Яшчэ адна спроба запужаць. Апублікаваны закон, у якім улады ўносяць чарговыя рэпрэсіўныя змены ў Адміністратыўны і Крымінальны кодэксы Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

Гэтак, сумнавядомы артыкул 24.23 Адміністратыўнага кодэксу дапоўнілі новым пунктам:

«Збор, атрыманне, выкарыстанне грашовых сродкаў… для мэтаў кампенсацыі выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

То бок грамадзянам фактычна забараняюць дапамагаць адно аднаму з выплатаю штрафаў і кампенсацыяй іншых спагнанняў. За гэта цяпер пагражае штраф ад 145 да 870 рублёў. Аднак, паводле прадстаўніка фонду BY_SOL Андрэя Стрыжака, метады і тэхнічныя алгарытмы, якімі карыстаецца фонд, не прадугледжваюць магчымасці ўладам увогуле даведацца, што мы нешта камусьці перадалі. Таму гэтая сітуацыя мала паўплывае на працу фонду. Але зразумела, што людзей такім чынам спрабуюць запужаць, каб яны баяліся прымаць дапамогу. Андрэй запэўнівае, што ўлады не змогуць спыніць патоку беларускай салідарнасці.

Артыкул за дзейнасць ад імя незарэгістраванай або ліквідаванай арганізацыі перанеслі з Адміністратыўнага кодэксу ў Крымінальны. Цяпер за ўдзел у такіх арганізацыях пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі. Правабаронца Павел Сапелка з гэтай нагоды кажа:

«Гэта нагода, каб спрасціць працу сілавым структурам і судам. Каб прыцягваць да адказнасці не за фармальнае парушэнне тых ці іншых законаў, а за сам факт прыналежнасці да нейкай арганізацыі».

Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы каардынатаркі валанцёрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай, а таксама дзевяці анархістаў, якіх абвінавачваюць у арганізацыі і ўдзеле ў анархісцкіх групах, – «Революционное действие», «Народная самооборона», «Революцiйна дiя», і будуць судзіць за падзеі перыяду 2016–2020 гадоў. Матэрыялы справы складаюць 160 тамоў.

У асобную справу вылучылі крымінальныя справы ў дачыненні яшчэ чатырох фігурантаў, што з’ехалі з Беларусі. Не спыняецца і судовы канвеер. Сёння за ўдзел у пратэставых маршах 2020 года гукааператара Кірыла Салеева асудзілі на 3 гады «хіміі». «Менсктранс» патрабаваў ад маладзёна амаль 100 тысячаў рублёў кампенсацыі – лёс пазову вызначыцца ў грамадзянскім судзе.

А вось асуджаную на 11 гадоў зняволення адну з лідарак беларускага пратэсту Марыю Калеснікаву этапавалі ў Гомельскую жаночую папраўчую калонію № 4. Цяпер лісты Марыі можна дасылаць на адрас: ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель, Калеснікавай Марыі Аляксандраўне.

Сёння беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 16 асобаў, сярод якіх журналіст-фрылансэр радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык. Агулам на сёння ў Беларусі 977 палітзняволеных.

Алесь Баразенка, Уладзімір Старыковіч, «Белсат»