100 заяваў на звальненне


«Горадня Азот» – гігант айчыннай нафтахімічнай галіны. Сэрца ж гэтага волата – трэці і чацвёрты цэхі. Але ў гэтыя хвіліны сэрца прадпрыемства, падобна, перастае біцца, што пагражае спыненню ўсёй вытворчасці.

Паводле Юрыя Рававога, лідара стачкаму, прычына – пратэст працаўнікоў, які выражаецца ў розных формах.

«У чацвёртым цэху вядзецца рамонт. Ён спынены для рамонту. Людзі выконваюць усё згодна з інструкцыямі – марудна. Тэрміны зрываюцца, не паспяваюць адрамантаваць, што пацягне вялікія страты для заводу».

Працаўнікі трэцяга цэху пратэстуюць па-іншаму.

«Яны пішуць заяву на звальненне – тэхналагічны персанал, які немагчыма навучыць, яны масава іх пададуць у колькасці 100 штук. І такім чынам кіраўніцтву давядзецца спыняць прадпрыемства цягам 30 дзён», – кажа Юрый Рававы.

Завадчане такім чынам пратэстуюць супраць затрыманняў іхных калегаў падчас вулічных акцыяў пратэсту ды супраць наяўнага на прадпрыемстве ціску і рэпрэсіяў іншадумцаў. Як нам паведамілі працаўнікі, сёння кожная змена трэцяга цэху, сыходзячы з працы, пакідае заяву аб звальненні. Калі такая колькасць рабочых звольніцца, прадпрыемства можа спыніцца ажно на год, а гэта значыць, спыніцца і паступленне ў дзяржбюджэт валюты ад продажу прадукцыі «Горадня Азоту». Гэта цудоўна разумее кіраўніцтва заводу. Пра яго рэакцыю на імавернае масавае звальненне працаўнікоў распавядзем заўтра.

Вольга Старасціна, «Белсат»