Аб'ектыў 11.11.2018 100 гадоў таму закончылася Першая сусветная. Што яна прынесла беларусам


Сёння свет адзначае 100 гадоў па заканчэнні Першай сусветнай – вайны, якая змяніла свет і межы дзяржаваў, вайны, якая не мусіла паўтарыцца, але ў выніку стала толькі плацдармам для самай кровапралітнай бойні XX стагоддзя.

Ушанаваць памяць ахвяраў супрацьстаяння паміж Траістым звязам на чале з Нямеччынай і Антантаю ў Парыж прыехалі лідары сусветных дзяржаваў – удзельніц тых падзеяў.

Велізарныя страты Першая сусветнай вайна прынесла і Беларусі: загінулі, паводле розных падлікаў, 130 тысячаў нашых суайчыннікаў, а ў выніку тактыкі «выпаленай зямлі» больш за два мільёны беларусаў выселілі ўглыб Расеі. Шмат хто з іх не змог вярнуцца на радзіму.

«Вайна сусветная закранула ледзь не кожную сям’ю. І пранікла нават у такое закансерваванае да гэтага Палессе», – кажа гісторык і літаратуразнавец Анатоль Трафімчык.

У кастрычніку 1915-га фронт усталяваўся па лініі Дзвінск – Браслаў – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. У выніку Заходняя Беларусь апынулася пад нямецкай акупацыяй. Людзей прымусова заганялі на працу, забаранялі займацца палітычнаю дзейнасцю. Аднак нямецкая адміністрацыя дала дазвол на іншае: у гэты час у Беларусі працавала каля трохсот школаў на роднай мове, зʼявіліся новыя беларускамоўныя выданні.

Развіццё беларускага нацыянальнага руху, на думку гісторыка Алеся Радзюка, прывяло і да галоўнага: абвяшчэння беларускай незалежнай краіны – Беларускай Народнай Рэспублікі».

Па трагічным збегу акалічнасцяў у гэты ж час Беларусь стала закладніцай і іншых крывавых падзеяў: спачатку дзвюх расейскіх рэвалюцыяў, а пазней і войнаў – у першую чаргу грамадзянскай і бальшавіцка-польскай.

Гісторыкі нагадваюць, што мы нават страцілі большую частку тэрыторыі: у выніку Берасцейскага міру, падпісанага ў сакавіку 1918-га паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынаю з хаўруснікамі, заходнія землі Беларусі засталіся пад нямецкай акупацыяй.

Нягледзячы на вялікія чалавечыя страты, прымусовую эвакуацыю насельніцтва, вайна дала магчымасць беларусам ды нашым суседзям стварыць уласныя дзяржавы, хоць і не прынесла міру на гэтыя тэрыторыі.

«А што датычыць беларускага народу, дык у напружанні яны яшчэ жылі і першую палову 1920-ых гадоў. Таму што савецкія дыверсанты дзейнічалі ў Заходняй Беларусі, а польскія дыверсанты дзейнічалі ў Беларусі савецкай», – кажа Анатоль Трафімчык.

Пройдзе яшчэ больш за два дзесяцігоддзі пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, перш чым Беларусь ізноў узʼяднаецца. За гэты час беларусам давядзецца перажыць і масавы сталінскі тэрор, і новую хвалю прымусовага высялення. А ў верасні 1939-га, калі межы Беларусі зноў будуць перадзеленыя, новая вайна прынясе і новыя, яшчэ больш разбуральныя беды.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары