Аб'ектыў 05.08.2018 100 гадоў таму б-ч-б стаў дзяржаўным сімвалам


5 жніўня 1918 года, Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіў яго ў якасці нацыянальнага і дзяржаўнага сімвала беларусаў.

«Безумоўна, гэты сцяг з’явіўся яшчэ раней, але афіцыйна як дзяржаўны – у 1918 годзе, калі зʼявілася Беларуская Народная Рэспубліка. Але калі паглядзець летапісы, то мы бачым бел-чырвона-белы сцяг ці яго элементы на гравюрах, прысвечаных бітве пад Воршаю. Гэта вельмі істотны момант: войскі ВКЛ ужо змагаліся пад гэтым сцягам», – кажа Ігар Мельнікаў, гісторык.

Як і самая Беларуская Народная Рэспубліка, бел-чырвона-белы сцяг у якасці афіцыйнага меў кароткую гісторыю. Ужо ў 1919-м годзе з прыходам улады бальшавікоў змяніўся і дзяржаўны сцяг.

Вяртанне адбылося ў верасні 1991 года, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў шэраг законаў. Згодна з імі, нашая краіна стала называцца Рэспубліка Беларусь, а яе дзяржаўнымі сімваламі зноў сталі герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг.

«Маючы нацыянальныя сімвалы, мы акурат падкрэсліваем, што нашая гісторыя багатая, шмат стагоддзяў мела. Мы звяртаемся і да ВКЛ, і да БНР, і нават да БССР: там элементы бел-чырвона-белага сцяга таксама абыгрываюцца», – распавядае Ігар Мельнікаў.

Менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам у жніўні 1994-га прымаў прысягу Аляксандр Лукашэнка. Праўда, менш чым праз год ён правёў рэферэндум, згодна з якім дзяржаўным сцягам стаў сённяшні – чырвона-зялёны з арнаментам. Што ж пра бел-чырвона-белы сцяг думаюць беларусы?

Жыхары Магілёва:

«Вядома, я за бел-чырвона-белы і герб Пагоня, бо яны пачаткова лічацца нашымі. А новы прынялі, калі прыйшла новая ўлады, дык ён да нас не мая ніякага дачынення».

«Розніцы няма, які сцяг. Галоўнае, каб у краіне ўсё было добра».

«Усё ж такі вельмі хацелася б, каб бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, нашыя гістарычныя сімвалы, зноў вярнуліся і сталі сімваламі, якія рэпрэзентуюць нашую краіну».

Што да герба Пагоня, ён унесены ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў, сцяг жа туды пакуль не трапіў. Хоць моладзевы актывіст Зміцер Дашкевіч разам з паплечнікамі сабраў дзеля падтрымання бел-чырвона-белага 10 тысячаў подпісаў, якія перадалі ў Міністэрства культуры. Аднак прапанову чыноўнікі палічылі неабгрунтаванаю.

«Тое, што нават дзяржаўныя чыноўнікі пачалі распавядаць, што яны таксама патрыёты Пагоні, гэта галоўны вынік. Калі тысячы, а, магчыма, мільёны людзей чулі пра наш сапраўдны бел-чырвона-белы сцяг», – кажа Зміцер Дашкевіч, грамадскі актывіст.

І калісьці гістарычныя сімвалы вернуцца, як гэта было ў 91-ым, нават пасля дзесяцігоддзяў савецкага панавання на беларускай зямлі.

Міхась Ільін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары