100 гадоў Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы


Сёння споўнілася роўна сто гадоў тэатру, які, на жаль, застаўся без дырэктара і асноўнага складу актораў. Гэта Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, адкуль на хвалі пратэстаў звольніліся 58 работнікаў. Як распавёў «Белсату» былы дырэктар Купалаўскага Павел Латушка, на аднаўленне творчай магутнасці трэба мінімум дзесяцігоддзе.

У тэатральным рэпертуары – больш за 25 пастановак – на галоўнай і камернай сцэнах. Рэкордная ў Беларусі колькасць гледачоў – да тысячы ста за вечар. Гэтак вырас Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы за 100 сезонаў.

«Не магчыма замяніць калектыў, які з’яўляецца ўнікальным і дзякуючы сваёй адкрытасці да гледача, дзякуючы сваім душам і сэрцам, які фактычна зʼяўляецца імпульсам для развіцця беларускай нацыянальнай культуры», – лічыць Павел Латушка.

Славутаю «Паўлінкай» традыцыйна завяршыўся соты сезон у купалаўскім драмтэатры… А ў новым сезоне, рэагуючы на пасля выбарчы дзяржаўны гвалт, з яго адышла галоўная частка артыстаў. Пасля гэтага крытычнага звароту да ўлады і сілавікоў дырэктара тэатру і экс-міністра культуры звольнілі. Калектыў звольніўся следам і запісаў кранальны зварот з патрабаваннямі, сярод якіх – правядзенне новых празрыстых выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і новым складам ЦВК…

У выніку, прынамсі да канца лістапада, адмененыя ўсе спектаклі. Пачатак 101 сезону сарвалі выканаўцы загадаў Аляксандра Лукашэнкі, які асабіста віншаваў купалаўцаў з папярэднім юбілеем… а цяпер сказаў:

«Я ім даю (ужо даў) поўную свабоду. Ёсць калектыў. Ёсць Амерыка. Як паўсюль у свеце, заяўляйце, што вы прывязіце туды спектакль. Едзьце туды, стаўце спектакль!»

У тэатру такога ўзроўню з гастролямі была адна праблема – на іх не хапала часу, – кажа Павел Латушка. Ён адначасна зʼяўляецца сябрам прэзідыуму Каардынацыйнай рады, супраць якой вядзецца крымінальны пераслед, і не можа вярнуцца з Польшчы ў Беларусь. У пераходны перыяд ён гарантуе акторам няхай не Амерыку, але насычаны еўрапейскі тур.

Прэс-сакратар тэатру Мікалай Заяц кажа, што тыя 15 актораў, якія засталіся працаваць у тэатры, працуюць у кааперацыі з калегамі, якія адышлі:

«Пакуль яшчэ не ведаем, якая палітыка будзе ў тэатры ў наступныя месяцы, не ведаем пакуль як мы будзем працаваць, у якім кірунку і што рабіць».

Дапамагае купалаўцам небывалая салідарнасць не толькі ад аматараў культуры, але і ад людзей з цвёрдаю грамадзянскай пазіцыяй. Менчукі праз «Белсат» перадалі ім словы падтрымання:

«Па першае я б выразіла вялікую падзяку за тое, што яны ёсць і за тое, якія яны ёсць».

«Смеласці і заставацца такімі ж добрымі, ісці да канца».

«Пэўна, цяпер ім як ніколі патрэбная воля да канца змагацца і не здавацца. Я салідарны з імі. Яны малайцы, паступілі згодна з сумленнем».

«Жыць пры той уладзе, пры якой хацелі б жыць».

«Поспехаў і цярплівасці ім. Мяркую, што некалі яны вернуцца».

У гэты святочны дзень Свабодныя купалаўцы падрыхтавалі для гледачоў падарунак – Адвечны «Сымон-музыка».

Юлія Цяльпук, «Белсат»